Лепш прышчапіцца цяпер

grippЗ надыходам восені набліжаецца пара рэспіраторных інфекцыйных захворванняў, адным з якіх з’яўляецца грып.
 Грып працягвае заставацца найбольш масавым інфекцыйным захворваннем (складае 95%) і з’яўляецца адной з самых актуальных медыцынскіх і сацыяльна-эканамічных праблем. Гэта адзіная інфекцыя, якая выклікае штогадовыя эпідэміі і перыядычныя пандэміі, што ахопліваюць да 30% насельніцтва зямнога шара (1918 г., 1957-1958гг., 1968-1969 гг., 1977-1978гг., 2009г.).
 Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя штогод на грып хварэюць 20-30% дзяцей і 5-10% дарослых, а паміраюць ад грыпу ад 250 тыс. да 500 тыс. чалавек. Эканамічны ўрон ад штогадовых эпідэмій складае ад 1 да 6 млн долараў на 100 тысяч насельніцтва.
  Пра тое, што такое грып і як можна ад яго бараніцца, расказвае  памочнік урача-эпідэміёлага ДУ «Сенненскі РЦГЭ» Жанна ГАРАВАЯ:

— Грып — гэта вострае рэспіраторнае інфекцыйнае захворванне, узбуджальнікам якога з’яўляюцца вірусы некалькіх тыпаў. Вірусы грыпу перадаюцца, галоўным чынам, паветрана-кропельным шляхам ад хворага чалавека навакольным пры чханні, кашлі, размове. Магчымы бытавы шлях перадачы — заражэнне праз посуд, прадметы ўжытку хворага, цацкі.
 — Што з’яўляецца лепшай прафілактыкай грыпу?
— На сучасным этапе найбольш эфектыўным сродкам прафілактыкі грыпу і яго ўскладненняў  з’яўляецца вакцынацыя. У нашай краіне прафілактычныя прышчэпкі супраць грыпу праводзяцца ў адпаведнасці з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак і рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, згодна з якімі ў першую чаргу неабходна праводзіць імунізацыю супраць грыпу сярод асоб з груп высокай рызыкі заражэння і наступстваў ад грыпознай інфекцыі.
Усе вакцыны для прафілактыкі грыпу ствараюць надзейны імунітэт супраць захворвання. У нашай краіне выкарыстоўваюцца інактываваныя вакцыны: флюваксін (краіна-вытворца Кітай), ваксігрып (краіна-вытворца Францыя), флюарыкс (краіна-вытворца Бельгія). Усе гэтыя вакцыны ўводзяцца ў выглядзе ўколу ўнутрымышачна ці падскурна. Праз 14-21 дзень пасля вакцынацыі  развіваецца імунітэт, які забяспечвае абарону ад захворвання на грып на працягу 6-12 месяцаў.
 — Жанна Валер’еўна, а якая эфектыўнасць вакцынацыі?
— Ні адзін лячэбны і прафілактычны прэпарат не дае 100% гарантыі абароны ад захворвання.
Надзейнасць сфарміраванай пасля вакцынацыі аховы залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ад узросту і стану здароўя пацыента, індывідуальных асаблівасцей і г.д. Але ў сярэднім са 100 прышчэпленых 70-98 чалавек будуць абаронены ад грыпу.
 — Наколькі бяспечна вакцынацыя супраць грыпу?
— Увядзенне любых вакцын, у тым ліку вакцын для прафілактыкі грыпу, можа выклікаць рэакцыі.
З’яўленне тэмпературы ці пачырванення ў месцы ўвядзення вакцыны — гэта заканамерная рэакцыя на любую вакцыну, якая сведчыць аб пачатку фарміравання аховы.
Пасля вакцынацыі супраць грыпу ў прышчэпленых могуць адзначацца: агульныя рэакцыі — гэта рэакцыі, якія ў цэлым закранаюць арганізм і праяўляюцца ў выглядзе павышэння тэмпературы цела, недамагання, галаўнога болю і іншых прымет; мясцовыя рэакцыі — гэта рэакцыі, якія праяўляюцца ў месцы ўвядзення вакцыны ў выглядзе ўшчыльнення і балючасці.
Гэтыя праяўленні кароткачасовыя, не патрабуюць лячэння і знікаюць самастойна на працягу 2-3 дзён, не парушаючы працаздольнасці і не патрабуючы дадатковага лячэння.
 — Часта ў звычайных недасведчаных людзей узнікае пытанне: ці можна рабіць прышчэпку супраць грыпу, калі ёсць хранічнае захворванне?
— Можна і трэба. Хранічныя захворванні, у тым ліку захворванні сэрца, з’яўляюцца не супрацьпаказаннем, а паказаннем да правядзення прышчэпкі супраць грыпу. Пацыенты з хранічнымі захворваннямі добра пераносяць вакцынацыю, і ў іх развіваецца дастатковая ахова ад захворвання. Праведзеная прышчэпка не прыводзіць да абвастрэння хранічнага захворвання, у той час, як перанесены грып з вялікай долей верагоднасці можа прывесці да абвастрэння хранічнага захворвання і пацяжэння яго далейшага працякання.
 — Для каго грып найбольш небяспечны?
— Гэта захворванне небяспечна для кожнага. Аднак найбольшую пагрозу грып і яго ўскладненні ўяўляюць для маленькіх дзяцей, пажылых асоб, а таксама для людей, якія пакутуюць на хранічныя захворванні. Грып небяспечны і для жанчын, плануючых цяжарнасць. Ім мэтазгодна вакцынавацца да цяжарнасці ці ў час другога-трэцяга трыместра. Захворванне на грып цяжарнай жанчыны можа пацягнуць развіццё парокаў у плода ці ўзнікненне выкідыша.
Грып вельмі  небяспечны і для асоб, якія з-за асаблівасцей прафесіі (выкладчыкі, выхавацелі, прадаўцы, урачы, іншыя асобы, працуючыя ў калектывах) кантактуюць з вялікай колькасцю людзей і маюць высокую рызыку заражэння.
— Ці трэба прышчэплівацца сёлета, калі зрабіў прышчэпку ў мінулым годзе?
— Ахоўныя антыцелы, выпрацаваныя пасля прышчэпкі, звычайна на працягу 6-12 месяцаў пасля вакцынацыі разбураюцца ці іх колькасць становіцца недастатковай для аховы ад грыпу ў новым сезоне. Акрамя таго, штогод аднаўляюцца варыянты вірусаў грыпу, якія ўваходзяць у склад вакцын. Так што варта прышчэплівацца кожны год.
 — А як лепш прышчэплівацца: адной і той жа вакцынай ці  мяняць іх штогод?
— Улічваючы, што кожны год варыянты вірусаў грыпу ў складзе ўсіх вакцын аднолькавыя, мэтазгоднасць змены вакцыны, якая падабаецца, адсутнічае.
 — Калі і дзе можна зрабіць прышчэпку ад грыпу?
— Лепш за ўсё прышчэплівацца ад грыпу восенню, у верасні-лістападзе, да пачатку сезоннага ўздыму захворвання на грып і ВРІ. Прышчапіцца можна ў паліклініцы па месцы жыхарства.

Гутарыла
Таццяна Буракова.