Восеньскі марафон

IMG_5691_25-ты Сенненскі прабег памяці Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай працы, ураджэнца Сенненшчыны Пятра Машэрава аб’яднаў аматараў спорту з арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі не толькі нашага раёна, але і гасцей з Дуброўна, Рубы, Полацка, Віцебска, Магілёва, Круглага, іншых гарадоў краіны.

На цырымоніі адкрыцця ўдзельнікаў прабегу шчыра прывітаў старшыня райвыканкама Віктар Цапота. Напрыканцы свайго выступлення Віктар Уладзіміравіч узнагародзіў Ганаровай граматай райвыканкама дырэктара Сенненскай СДЮШАР Анатоля Гарнака, якому нядаўна споўнілася 55 гадоў, і ўручыў яму ключы ад новенькай «газелі».IMG_5623_ Мікрааўтобус для спартыўнай школы коштам 187 млн рублёў быў набыты за сродкі раённага бюджэту і пры садзейнічанні  Упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама.
Слова мела і Наталля Падалінская, пастаянная ўдзельніца сенненскага марафону, ветэран спорту. Праграму прабегу агучыў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Гардзецкі.
Узняць дзяржаўны сцяг у гонар марафону было даверана ўдзельніку Чэмпіянату Еўропы, члену нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы Антону Чэпікаву. Ураджэнцы Сенненшчыны, члены нацыянальнай зборнай па біятлоне Арцём Гардзецкі і Аляксандр Кнацько ўсклалі вянкі да помніка Воіну-вызваліцелю ў цэнтральным скверы.
IMG_5682_Выстрал ракетніцы абвясціў старт 25-га машэраўскага марафону. Хутка забіліся сэрцы бегуноў, але праз некалькі метраў хваляванні адышлі на другі план, увага засяродзілася на ўласных вытрымцы і моцы…        Прызёры на дыстанцыях у розных узроставых групах атрымалі дыпломы, грашовыя прэміі (за першае месца — Br 300 000, за другое — Br 250 000, за трэцяе — Br 200 000) і памятныя вымпелы.
Асобна адзначылі самых юных і сталых марафонцаў. Трохгадовыя жыхаркі г.п.Руба, двайняты Ганна і Вара Пашкевіч — самыя маленькія пераможцы прабегу, якія фінішавалі. Разам з бацькамі прымала ўдзел у 25-м сенненскім марафоне Злата Кацар, якой усяго  год і тры месяцы. А самым сталым пераможцам стаў 69-гадовы Уладзімір Васілёнак, вартаўнік Сенненскай СДЮШАР.IMG_5718_
Крыху падвяло ў гэты дзень надвор’е. Дарэчы былі кубачкі гарачай гарбаты. Чаяванне для бегуноў арганізавала раённая арганізацыя ГА «Беларускі Фонд Міру» на чале з Тамарай Смірновай.
Для 627 удзельнікаў прабегу 25-ты Сенненскі марафон стаў сапраўдным святам бадзёрасці і здароўя.

Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *