З улікам меркавання насельніцтва

rovd У першым паўгоддзі 2013 года супрацоўнікамі штаба Міністэрства ўнутраных спраў праведзена сацыялагічнае апытанне, у час якога рэспандэнты, жыхары раёна, звярнулі ўвагу на шэраг праблем, што негатыўна адбіваюцца на бяспецы людзей. Супрацоўнікі РАУС зараз працуюць над іх вырашэннем. Наколькі паспяхова, наш карэспандэнт пацікавіўся ў начальніка штаба аддзела ўнутраных спраў Сенненскага райвыканкама, маёра міліцыі Аксаны Кулік.

 — Наколькі мне вядома, шмат прэтэнзій выказана да арганізацыі дарожнага руху ў райцэнтры і Багушэўску…
— Галоўная з іх — на вуліцах Сянна вадзіцелі транспарту не захоўваюць хуткасны рэжым. Таму супрацоўнікі аддзялення ДАІ штодня адсочваюць, як гэты пункт правілаў дарожнага руху выконваецца. У выніку, з пачатку года да адміністрацыйнай адказнасці на падставе арт. 18.14 КаАП прыцягнута 117 вадзіцеляў. Інспектары звяртаюць увагу і на пешаходаў, асабліва тых, якія парушаюць правілы дарожнага руху. Толькі за знаходжанне ў нецвярозым стане на праезнай частцы дарог, вуліц, у тым ліку Багушэўска, у адміністрацыйным парадку пакарана 15 асоб (арт. 18.23 КаАП).
— Цэнтральная плошча Сянна, а дакладней перакрыжаванне вуліц Кастрычніцкай, Карла Маркса, Машэрава даволі часта становіцца месцам дарожна-транспартных здарэнняў. Сенненцы прапануюць устанавіць тут святлафор.
— Сапраўды, у час апытання такія прапановы ўносіліся. Раённы аддзел унутраных спраў у сувязі з гэтым звяртаўся да намесніка старшыні райвыканкама, старшыні камісіі па бяспецы дарожнага руху Сяргея Пракаповіча з прапановай устанавіць святлафор на ўказаным месцы. Аднак зрабіць гэта пакуль немагчыма па прычыне адсутнасці фінансаў на гэтыя мэты. Акрамя таго, кіраўніцтву РУП ЖКГ накіравана прадпісанне аб неабходнасці замены, рамонту дарожных знакаў у райцэнтры.
Супрацоўнікамі аддзялення ДАІ вывучалася пытанне мэтазгоднасці арганізацыі аднастаронняга руху па завулку Чырвонаармейскі ў райцэнтры. Высветлілася, што знакі, якія ўстанавілі такое абмежаванне, усталявалі не жыхары завулка, а прадстаўнікі РУП ЖКГ. Правесці дэмантаж знакаў немэтазгодна, бо праезная частка завулка разлічана на рух у адным накірунку.
 — Аксана Васільеўна, на якія яшчэ сацыяльнаважныя праблемы грамадскага жыцця звярталі ўвагу жыхары раёна ў час правядзення сацыялагічнага апытання?
— Людзей непакоіць ужыванне алкаголю на рабочых месцах, факты рэалізацыі ў гандлёвых кропках моцных напояў непаўналетнім. Сенненцы лічаць, што міліцыя павінна больш актыўна супрацьстаяць самагонаварэнню.
 — Вы згодны з такой пазіцыяй сенненцаў?
— Не толькі згодны, але і мэтанакіравана працуем, каб ухіліць адзначаныя праблемы. За першае паўгоддзе бягучага года супрацоўнікамі міліцыі выяўлена на рабочых месцах у нецвярозым стане 28 чалавек, у тым ліку ў ААТ «Белая Ліпа» — 4. Усе гэтыя асобы пакараны ў адміністрацыйным парадку. На тэрыторыі раёна зафіксаваны 24 факты парушэння Дэкрэта Прэзідэнта № 11, выдадзенага ў 2005 годзе. Усяго з незаконнага абароту выведзена 7449,6 літра фальсіфікаваных спіртных напояў, у тым ліку самагону і самагоннай брагі — 7433,1. Знойдзена і дэмантавана два самагонныя апараты. Прымаліся і іншыя меры. Напрыклад, праводзіліся кантрольныя закупкі ў тых жыхароў раёна, якія раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за выраб і рэалізацыю спіртных напояў. Каб выявіць і ліквідаваць кропкі самагонаварэння, у Цясах і Ульянавічах праводзіліся гутаркі. Аднак інфармацыі аб асобах, якія займаюцца незаконнай вытворчасцю спіртаўтрымліваючай прадукцыі, здабыць  не ўдалося.
У Сянно і Багушэўску не радзей двух разоў у месяц, у іншых населеных пунктах з меншай перыядычнасцю, супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС праводзяць рэйды па магазінах, каб папярэдзіць, спыніць факты рэалізацыі алкагольных напояў і табачных вырабаў непаўналетнім асобам. Сёлета фактаў парушэння заканадаўства не выяўлена.
Супрацоўніцтва з грамадска актыўнымі, неабыякавымі людзьмі заўжды падтрымліваецца кіраўніцтвам Сенненскага РАУС. А прапановы людзей улічваюцца  пры планаванні аператыўнай работы, што дазваляе паступова змяншаць колькасць злачынстваў на тэрыторыі раёна.

Гутарыў
 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ