Будзе сёння свята ў вёсцы!

 IMG_0839_Для жыхароў сельскіх населеных пунктаў прыезд аўтаклуба — жаданая падзея. Яно і зразумела. Не кожная вёска можа пахваліцца стацыянарнай установай культуры. Што казаць пра розныя тэатры ды канцэртныя залы — гэта прывілеі вялікіх гарадоў. Толькі ў ежы духоўнай мае патрэбу і сельскі жыхар. Так, сёння па тэлевізары можна паглядзець любы канцэрт, любых зорак. Але  нішто не заменіць жывое гучанне музыкі і чалавечага голасу.

Раней ці не кожная вёска мела свайго адмысловага музыку-самавучку, пачуць якога на вечарынку збіраўся народ з усяго наваколля. Сёння такіх самародкаў засталіся адзінкі. Можа  таму  аўтаклуб, створаны пры аддзеле ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама, карыстаецца такой папулярнасцю ў вяскоўцаў, а місію, якую ён выконвае, можна лічыць сацыяльна важнай і  неабходнай —  ён дорыць адпачынак для душы.
На Сенненшчыне «клуб на колах» дзейнічае з  1 сакавіка 2007 года. Установа мае  ўласны мікрааўтобус, што дазваляе  даехаць да самых аддаленых і маланаселеных куточкаў нашага раёна. IMG_0820_А яны  і  ёсць асноўныя пункты прызначэння аўтаклуба. Канцэртнай пляцоўкай можа стаць  вясковая вуліца, чыйсьці падворак, хата, а то і магазін.
Аўтаклуб узначальвае Аляксандр Васілёнак. Дапамагае яму акампаніятарка Галіна Бандарэвіч. Добры плён прыносіць узаемадзеянне з сельскімі ўстановамі культуры. Да выездаў нярэдка далучаюцца выканаўцы і калектывы бліжэйшых сельскіх устаноў культуры. У дзень канцэртная брыгада аўтаклуба можа наведацца не ў адну вёску. На днях  аўтаклуб пабываў з гастролямі ў трох населеных пунктах.
Жыхары Буды і Ледневіч цёпла сустракалі артыстаў.  Апошнія парадавалі вяскоўцаў мілагучнымі песнямі, вершамі, дасціпнымі прыпеўкамі. Не шкадавалі вяскоўцы апладысментаў для вакальнай групы Яноўскага сельскага дома культуры ў складзе Людмілы Казловай (дырэктара ўстановы), Наталлі Чубуковай, Майі Юсікавай і акампаніятара Васіля Броўкі, а таксама для  ўдзельніц мастацкай самадзейнасці Літусаўскага сельскага клуба Святланы Метаковіч (загадчыца) і Валянціны Барышавай. IMG_0825_Уразіў прысутных і спявацкі талент дырэктара Какоўчынскага сельскага дома культуры Аляксандра Грабеннікава.  Акрамя таго, мужчына добра грае на баяне.
Не забываюць у аўтаклубе пра сяльчан, занятых на працы. У Літусаве канцэрт для механізатараў адбыўся прама на мехдвары.
За лета аўтаклуб   шмат дзе пабываў, і на гэтым ён не збіраецца спыняць сваю работу — надалей таксама плануюцца выезды. У планах розныя мерапрыемствы: канцэрты і міні-канцэрты, з якімі самадзейныя артысты будуць наведваць маланаселеныя і аддаленыя вёскі Сенненшчыны.

Наш кар.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.