У гонар герояў-танкістаў

OLYMPUS DIGITAL CAMERAВечарам 21 жніўня ў Сянне сустракалі ўдзельнікаў спартыўна-патрыятычнай эстафеты «Памяць», якая праходзіла па тэрыторыі Расіі і Беларусі. Яе ўдзельнікі наведаліся і ў Машканы, у музей школы, дзе вучыліся тры Героі Савецкага Саюза: Машэраў, Гаравец і Камінскі.

Спартыўна-патрыятычная эстафета праходзіла, каб ушанаваць подзвіг танкавай роты 1-й танкавай дывізіі Ленінградскага фронта і яе камандзіра, старшага лейтэнанта Зіновія Калабанава. 19 жніўня 1941 года паблізу Гатчыны рота цяжкіх танкаў пад камандаваннем Калабанава знішчыла 43 нямецкія танкі і больш за 20 адзінак іншай тэхнікі. Экіпаж камандзірскага танка падбіў 22 варожыя танкі, за што Калабанаў быў узнагароджаны ордэнам баявога Чырвонага Сцяга, а камандзір гарматы танка Андрэй Вусаў, ураджэнец Талачына  —  ордэнам Леніна.
Менавіта гэтыя падзеі  спрабуюць увекавечыць арганізатары і ўдзельнікі эстафеты, бо лічаць, што героі ўшанаваны недастаткова.
Удзел у эстафеце прынялі маладыя спартсмены, аматары здаровага ладу жыцця, прадстаўнікі грамадскіх ваенна-патрыятычных арганізацый дзвюх суверэнных дзяржаў. У нашай краіне эстафета праходзіла пад патранажам Саюза пісьменнікаў Беларусі, асабіста яго старшыні Мікалая Чаргінца. Цікавасць да яе праявіў літаратурна-мастацкі і грамадска-публіцыстычны часопіс «Белая вежа», заснавальнікам якога выступае Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. У прыватнасці, у Сянне на сустрэчы ўдзельнікаў эстафеты з групай гараджан прысутнічаў яго рэдактар Васіль Шырко.
Наступным пасля Сянна прыпынкам для ўдзельнікаў эстафеты стаў Талачын, дзе расіяне і беларусы начавалі, правялі назаўтра мітынг, удзел у якім прыняла і грамадскасць горада. Эстафета завяршылася праз 960 км у Мінску.
Справа ў тым, што хутка пасля тых знакамітых падзей жніўня 1941 года шляхі членаў экіпажа разышліся. Зіновій Калабанаў быў кантужаны, паранены, доўгі час знаходзіўся ў шпіталі, як невядомая асоба. Зноў на фронт ён патрапіў толькі ў канцы вайны. Пасля яе завяршэння служыў у Групе Савецкіх войскаў у Германіі, у  Беларускай ваеннай акрузе. Пасля звальнення ў запас жыў у Мінску, працаваў на аўтазаводзе. Не стала Зіновія Калабанава ў 1995 годзе. Яго прах пакоіцца на Чыжоўскіх могілках.
Андрэй Вусаў завяршыў вайну ў званні старшага лейтэнанта, вярнуўся ў родны горад. Працаваў, у тым ліку дырэктарам Талачынскай нафтабазы. Займаўся актыўна грамадскай дзейнасцю, не раз выбіраўся дэпутатам гарадскога Савета.
Вайна — усё далей ад нас. Амаль не засталося яе ўдзельнікаў. Многія факты гераізму савецкіх салдат, на жаль, да гэтага часу застаюцца малавядомымі ці зусім невядомымі. Данесці праўду пра іх, як і пра трагічныя падзеі ваеннай пары, —  абавязак нашчадкаў, абавязак перад будучымі пакаленнямі.

Аляксандр Лазюк.
  НА ЗДЫМКУ: удзельнікі эстафеты
ля помніка ў гонар танкавай бітвы 1941 года пад Сянном.