Дакрануцца да духоўнай спадчыны продкаў, каб адчуць сваю еднасць

N3r

спасаўскія яблыкі

N1r

свята адкрывае старшыня Беліцкага сельвыканкама Сяргей Галынчык

У народным календары пазначаны тры Спасы: Мядовы, які прыпадае на 14 жніўня, Яблычны, што адзначаецца 19 жніўня, і Арэхавы (Хлебны) — 27. Яны звязаны з тымі ці іншымі сялянскімі клопатамі і зборам пэўнай прадукцыі. Акрамя таго Яблычны Спас, напрыклад, супадае з хрысціянскім святам Праабражэнне Гасподняе. А таму ў Полымі быў і святар Свята-Мікалаеўскай царквы г.Сянно айцец Дзмітрый, які прачытаў малебен, асвяціў прынесеныя вяскоўцамі дары. Лічыцца, што пасля гэтага мёд, яблыкі, арэхі, хлеб, іншыя  прыгатаваныя стравы набываюць ці павялічваюць лячэбныя ўласцівасці. Пчаляры наладзілі продаж мёду. Яго прапаноўвалі мясцовыя ўладальнікі пасек Аляксей Лавіцкі і Аляксандр Зайцаў, саўгас імя Данукалава. Салодкую прадукцыю рэалізоўваў пчаляр з Папоўкі Уладзімір Дзегалевіч. Дзеля папулярызацыі пчалярства, якое мае вялікае значэнне для земляробства, дэманстраваліся вуллі, медагонка кустарнай вытворчасці, іншыя пчалярскія прыстасаванні.
Паказаць сваё майстэрства можна было і ў кулінарыі, гародніцтве. Дзеля гэтага наладзілі выставу садавіны, гародніны, традыцыйных спасаўскіх страў. Нездарма ж у народзе кажуць: «Спас — усяго прыпас», «Спас — усяму час», «На другі спас і жабрак яблык з’есць». Ад гэтай традыцыі не адышлі на палымянскім спасаўскім свяце. Пасля таго, як плады і  стравы былі асвечаны, дзяўчаты ў нацыянальных беларускіх строях раздалі іх гасцям свята. N2r

N5r

выступае дуэт Малахавых

N4r

мёд для нас

У той дзень у Полымі было даволі людна. Вяскоўцы з цікавасцю назіралі за святочным дзействам, з задавальненнем слухалі выступленні самадзейных артыстаў, якія гуртуюцца вакол Палымянскага сельскага клуба, прыезджых аматараў песні са Студзёнкі, Сянна. Іх рэпертуар быў тэматычна блізкі да свята. Але многія нумары прысвячаліся жыхарам Полымя. Свята вёскі арганічна ўпісалася ў раённае мерапрыемства. Успомнілі тых, хто нарадзіўся ў жніўні, у першую чаргу Паліну Кізіменка, самую юную жыхарку вёскі. Дзяўчынка з’явілася на свет 7 жніўня. А 19 жніўня, якраз у дзень правядзення свята,  Міхаіл і Аксана Піткевічы адзначаюць дзень нараджэння сваёй сям’і. Іх шлюб быў зарэгістраваны ў 1990 годзе. Павышанай увагай карысталася на свяце Наталля Буднова. Так атрымалася, што і яна, і яе муж Віктар нарадзіліся ў жніўні. А нядаўна іх сядзіба  стала пераможцай у намінацыі «Лепшы вясковы падворак» у раённым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні.
Сярод жыхароў вёскі Полымя шмат таленавітых, а галоўнае, душэўна багатых людзей.  У час свята перад аднавяскоўцамі не раз выступаў дуэт у складзе Алены і Анастасіі Малахавых. Маці і дачка выканалі некалькі песень, цёпла прынятых гледачамі. Дуэт існуе не так даўно. Апошняе яго выступленне сведчыць аб прыкметным росце майстэрства самадзейных артыстаў. Насця — студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, будучы псіхолаг. Яе маці Алена Малахава займаецца хатняй гаспадаркай, выхоўвае чацвярых  дзяцей, у тым ліку дваіх прыёмных, якія трапілі ў сям’ю зусім маленькімі.
Не забыліся на свяце пра дзяцей і арганізавалі для іх гульні, у якія гулялі іх равеснікі ў 20 і, нават, 19 стагоддзях.N6r
Мерапрыемства праходзіла на спецыяльна аформленай для гэтага пляцоўцы перад сельскім клубам. Падрыхтоўкай яе таксама займаліся ўсім мірам. Гарманічна выглядалі  будынак клуба, аздоба пляцоўкі, нават, старыя будынкі сядзібы святскіх. Як і арганічна ўспрымалася беларуская мова, якой карысталіся вядучыя мерапрыемства. У выніку свята дапамагло мясцовай грамадзе дакрануцца да духоўнай спадчыны продкаў, раскрыцца талентам вяскоўцаў, адчуць сваю еднасць.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Фота аўтара.