Праз Вялікі Усцюг у Іерусалім. З вотчыны Деда Мароза па шляху ІІсуса Хрыста

іерусалімВольга Давыдзенка працуе ў Багушэўскім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Яна — інструктар па працоўнай тэрапіі, кіруе гуртком вышыўкі. Яго наведвальнікі пачынаюць заняткі з асваення элементарных навыкаў: вучацца трымаць у руках іголку, лічыць. Гэта дапамагае ім у псіхафізічным і, што таксама вельмі важна, эмацыянальным развіцці, у рэшце рэшт, сацыяльнай рэадаптацыі. А нядаўна Вольга Вікенцьеўна са сваім выхаванцам Мікалаем Уласавым вярнулася з падарожжа ў Іерусалім. Пілігрымка праходзіла па святых месцах,  дзе хадзіў, прапаведаваў, быў распяты і ўваскрэс Іісус Хрыстос.

Як усё пачыналася
Работы выхаванцаў гуртка часта можна ўбачыць на розных выставах, іх  фота размяшчаюцца ў інтэрнэце і выклікаюць у людзей цікавасць. І не толькі тэхнікай выканання. У большасці работ, якія выконваюцца на канве, усё роўна яскрава праяўляецца душа аўтара. Гурткоўцы з задавальненнем вышываюць біблейскія сюжэты, іконы. Многія для гэтага атрымалі благаславенне духоўных асоб беларускай праваслаўнай царквы.
Аднойчы гурткоўцаў запрасілі паўдзельнічаць у фестывалі «Рождественская мечта», арганізаваным расійскім фондам «Місія» для дзяцей-сірот, дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця, якія  выхоўваюцца ў школах-інтэрнатах Расіі, Беларусі, Арменіі, Літвы. Мерапрыемствы фестывалю праходзілі ў санаторыі «Баброўнікава», што ў Вялікаўсцюгскім раёне Валагодскай вобласці. Фестываль насіў пераважна забаўляльны характар. Яго ўдзельнікі пабывалі ў вотчыне расійскага Дзеда Мароза, любаваліся святочным феерверкам, прынялі ўдзел у факельным шэсці, народных зімовых гуляннях, пакаталіся на конях, буранах. Запомнілася тэатралізаванае прадстаўленне «Святая ноч» па матывах евангельскіх гісторый аб нараджэнні Іісуса Хрыста.
Дэлегацыя Багушэўскага дома-інтэрната з нецярпеннем чакала адкрыцця выставы «Рушники. Обрядовые полотенца», дзе была прадстаўлена аўтарская работа Мікалая Уласава і Святланы Галасуй — ручнік-набожнік. Яе не толькі трэба было паказаць, але і прадставіць.
«Свой ручнік-набожнік мы вырабілі на аснове арыгінальнага экзэмпляра, вырабленага ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў у Сенненскім павеце, які  захоўваецца ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.  Наша работа, наша прадстаўленне яе, якое часткова  прагучала на беларускай мове, спадабалася членам журы. У выніку і выканаўцы і кіраўнік праекта былі адзначаны Дыпломам. Мы не паўтарылі ўзор старажытнага ручніка, мы зрабілі арыгінальны выраб. Больш таго, нам удалося прачытаць пасланне, зашыфраванае ў вышытых узорах», — расказала Вольга Давыдзенка.
Фестываль праходзіў 9 —10 лютага 2013 года. А ў канцы красавіка на адрас Багушэўскага дома-інтэрната прыйшло запрашэнне для Вольгі Давыдзенка і Мікалая Уласава прыняць удзел у падарожжы па святых месцах. Яго даслалі Маргарыта Бурак, фундатар фонда «Місія», і яго выканаўчы дырэктар Вольга Сафонава, якія гарантавалі падарожнікам аплату ўсіх расходаў.
 Па волі Госпада
Нягледзячы на гэта, узнікла шмат праблем. Напрыклад, высветлілася, што Мікалаю трэба мяняць пашпарт. Неадкладна сабралі неабходныя дакументы. За некалькі дзён да паездкі давялося звяртацца за дапамогай непасрэдна да начальніка РАУС, каб паскорыць працэс афармлення пашпарту. І Міхаіл Архіпаў, дзякуй яму, дапамог.
«Падарожжа для любога чалавека — падзея, за якой не толькі новая інфармацыя, сустрэчы з новымі людзьмі, гэта маса эмоцый. Што казаць пра Мікалая, які жыве ў абмежаванай прасторы. Ён упершыню пабываў у аэрапорце, упершыню ляцеў у самалёце, меў зносіны з персаналам мытні, іншаземцамі. Для сацыялізацыі — гэта бясцэнны вопыт», — лічыць Вольга Давыдзенка.
Самалёт у Тэль-Авіў ляцеў з «Шарамецьева». Група, у склад якой уваходзілі пераважна расіяне, узнялася на борт самалёта і праз дзве гадзіны была ў ізраільскім аэрапорце «Бэн-Гурыён». Размясцілі паломнікаў у Горненскім жаночым манастыры. Але адчувалі дзеці сябе камфортна: утульныя пакоі, простая, але смачная ежа. А галоўнае, быў створаны камфорт душэўны. І духоўны.
«Зразумела, выпадковых людзей у падобных падарожжах не бывае — усіх вядзе Бог. Маргарыта Бурак і Вольга Сафонава ў сваіх памкненнях да асэнсавання хрысціянскіх каштоўнасцей былі прыкладам не толькі для дзяцей, але і для дарослых, якія суправаджалі юных падарожнікаў», — расказвае Вольга Давыдзенка.
Праграма наведвання святых месцаў была вельмі насычанай. Паломнікі наведаліся ў Рускі Дом Малітвы, пабывалі на прыёме ў Патрыярха Іерусалімскага і ўсяе Палесціны Феафіла ІІІ. Асабліва вялікае ўражанне зрабіла наведванне храма, узведзенага на месцы пахавання і ўваскрасення Іісуса Хрыста. Паломнікі пабывалі на начной літургіі, спавядаліся, прычасціліся. Зрэшты, Храм Нараджэння Хрыстова таксама ўразіў. «З унутраным хваляваннем мы ступалі па зямлі, дзе нарадзіўся Іісус і Найсвяцейшая Дзева Марыя, яго маці, увайшлі ў воды Іардана, дзе яны прынялі хрышчэнне. Гэта перараджае чалавека, мяняе яго сутнасць, — лічыць Вольга Давыдзенка.— Больш таго, асэнсоўваць тое падарожжа мы будзем усё наканаванае нам жыццё».

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
 
 НА ЗДЫМКУ: група паломнікаў з патрыярхам
Іерусалімскім і ўсяе Палесціны Феафілам ІІІ
— Мікалай Уласаў справа за яго спіной.

 Фота Вольгі Давыдзенка.