Шукаюць родных нашага земляка

132_18На тэрыторыі Бабруйскай крэпасці выявілі масавае пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны. Знойдзены рэшткі больш за 500 чалавек.

Паводле адной версіі — гэта пахаванне ваеннапалонных. У 1941 годзе немцы размясцілі ў крэпасці вялікі канцлагер для савецкіх вайскоўцаў. У нечалавечых пакутах тут загінулі тысячы людзей.
На карысць  версіі гаворыць блізкасць чыгуначнай станцыі, на якую прыходзілі саставы з ваеннапалоннымі. Целы тых, хто памёр у дарозе, скідвалі ў равы і засыпалі зямлёй. Колькі ўсяго пахавана салдат у крэпасці і каля яе, застаецца толькі меркаваць. Заключэнне аб паходжанні пахавання эксперты змогуць зрабіць па заканчэнні раскопак.
На месцы раскопак знойдзены асабістыя рэчы ваеннапалонных: элементы форменнага адзення і амуніцыі — спражкі салдацкіх рамянёў, гузікі, манеты, лыжкі, кускі акуляраў і інш. Самая каштоўная  знаходка — ордэн Чырвонага Сцяга, а таксама 56 эбанітавых медальёнаў. Дзякуючы ім устаноўлены імёны 14 загінуўшых воінаў. У гэтым спісе значыцца імя і нашага земляка, ураджэнца вёскі Замошша былога Багушэўскага раёна Мікалая Трафімавіча Дубаўца, 1908 г.н.
Знойдзеныя рэшткі ва ўрачыстай абстаноўцы будуць перапахаваны ў Бабруйску ў брацкай магіле.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фото «Белорусская военная газета. «Во славу Родины».