Школа, якая была і застанецца домам

  Выпускнікі сярэдніх школ Сенненшчыны атрымалі атэстаты аб адукацыі і развіталіся з дзяцінствам. У іх ліку — 6 выпускнікоў  школы-інтэрната. Навучальная ўстанова была для іх яшчэ і домам, дзе яны жылі, раслі, сябравалі, вучыліся, асвойвалі прафесіі:  хлопцы — сталяра, дзяўчаты — швачкі. Як дадатковы бонус за няпросты жыццёвы лёс.

Цырымонія ўручэння атэстатаў, пасведчанняў аб прафесійнай падрыхтоўцы насіла па-дамашняму цёплы характар. На ёй прысутнічаў увесь калектыў. Леанід Казлоў, дырэктар школы-інтэрната знайшоў для кожнага выпускніка самыя неабходныя словы. Як і іх выхавацелі — Святлана Стэльмах і Аляксандр Качаноўскі. Дзякуючы, відаць ім у першую чаргу, Мікалай Шэлепень, Наталля Ганковіч, Сяргей Скарбілін, Уладзімір Карэлін, Вольга Капанёва, Сяргей Шаўцоў вызначыліся, па якім жыццёвым шляху пойдуць далей, і застануцца ў памяці малодшых інтэрнатаўцаў, педагогаў  як асобы.

 Знайшлі неабходныя словы для выпускнікоў госці школы-інтэрната, сярод якіх былі намеснікі старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў і Алег Мацкевіч. Абодва яны не чужыя Сенненскай зямлі. Алег Сяргеевіч нарадзіўся тут, скончыў СШ №2  г.Сянна, з’яўляецца дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў па Сенненскай выбарчай акрузе. Раённыя ўлады былі прадстаўлены асобай Віктара Цапоты, старшыні райвыканкама. Госці не толькі далучыліся да пажаданняў педагогаў,  яны ўручылі выпускнікам падарункі. З падарункамі прыехала і Людміла Пракоф’ева, старшыня праўлення дабрачыннага Фонду  духоўнага адраджэння на праваслаўных традыцыях. Фонд не першы раз звяртае ўвагу на Сенненскую школу-інтэрнат.  З дапамогай гандлёвых цэнтраў Віцебска «Беларусь», «Кантынент», Беларускага Фонду міра набыта  для выхаванцаў установы адзенне. Да акцыі «Не забывайце адзін аднаго, падтрымлівайце зносіны!» далучыліся супрацоўнікі ўпраўлення Віцебскага рэгіёна кампаніі «Life». На ўласныя сродкі яны купілі для выпускнікоў мабільныя тэлефоны на дзве SIM-карты, у падарунак дадалі пакеты падключэння без абанецкай платы на год. Такі ж падарунак атрымаў дырэктар навучальнай установы, што дазволіць хлопцам і дзяўчатам падтрымліваць сувязь  адзін з адным і з роднай школай.

 Дарэчы, заснавальнікамі дабрачыннага Фонду  духоўнага адраджэння выступаюць як установы, так і фізічныя асобы. Уладзімір Цярэнцьеў  уваходзіць  у папячыцельскі савет фонду.

  Выпускнікі школы-інтэрната пакінуць свой дом  у жніўні. І, як бы не склаўся іх лёс у будучым,  безумоўна, з цеплынёй будуць успамінаць час, праведзены тут. А калі, хто вырашыць вярнуцца на Сенненшчыну, каб жыць тут і працаваць  стала, кіраўніцтва раёна гатова прыняць у гэтым самы непасрэдны ўдзел.

Наш кар.