У “Дружбінцы” рыхтуюць па 400 тон сенажу

Згодна з інфармацыяй дыспетчарскай службы райсельгасхарчу ў ПП «Дружбінец» на пачатак другой дэкады чэрвеня на ўмоўную галаву жывёлы было нарыхтавана амаль па два цэнтнера кармавых адзінак, скошана каля 30% траў першага ўкосу — гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне.

На сенажацях прадпрыемства працуе звяно, у якое аб’яднаны не толькі ўласная тэхніка і людскія рэсурсы. Дапамога прыйшла з ААТ «Пурплева». Агульнымі намаганнямі штодня закладваецца па 350 — 400 тон зялёнай правяленай масы. Невялікія бурты сенажу па 500 — 600 тон размяшчаюцца непасрэдна на сенажацях. Трамбоўка зялёнай масы вя­дзецца кругласутачна. Ад пачатку закладкі бурта да завяршэння работ праходзіць 2 — 3 дні, што станоўча адбіваецца на якасці кармоў.

 Сянаж рыхтуецца і па іншай сучаснай тэхналогіі. Правяленая маса прасуецца ў рулоны і герметычна абгортваецца спецыяльнай плёнкай. Як і сена, прыгатаванае ў першыя дні чэрвеня, такі сянаж бу­дзе ўключацца ў рацыён маладняка.

 На нарыхтоўцы кармоў заняты лепшыя механізатарскія кадры. У тым ліку і Аляксандр Пашкевіч, чый партрэт па выніках работы за мінулы год занесены на раённую Дошку гонару. Ён працуе на КВК-800, корманарыхтоўчым камбайне набытым прыватным сельгаспрадпрыемствам зусім нядаўна на ўмовах доўгатэрміновага лізінгу.

 Ведаюць сваю справу механізатары і вадзіцелі, што заняты на адвозцы зялёнай масы. З асаблівым запалам працуе Андрэй Бірулін. Яшчэ зусім нядаўна ён быў заняты ў іншай сферы, дзе, як лічыцца, не абысціся без творчасці. Але, на думку Андрэя, без натхнення не дасягнуць добрых вынікаў у вытворчым працэсе.

 У «Дружбінца» ёсць усе магчымасці, каб павялічыць тэмпы нарыхтоўкі кармоў. Справа ў тым, што на той момант, калі рыхтавалася публікацыя, яшчэ два самаходныя камбайны знахо­дзіліся ў майстэрні па прычыне іх няспраўнасці. Па словах Леаніда Кавалеўскага, начальніка цэха раслінаводства, адзін з агрэгатаў павінен вось-вось выйсці ў поле, што паскорыць працэс нарыхтоўкі сенажу са здрабнёнай масы, а вось, каб запусціць у работу другі, патрабуюцца значныя сродкі.  

 Дарэчы, несвоечасовая падрыхтоўка тэхнікі да пачатку масавых палявых работ для гаспадарак Сенненшчыны становіцца хранічным захворваннем. Адмоўна на якасць сенажу і сіласу адбіваецца недахоп сянажных траншэй. Сучасных, пабудаваных з бетонных пліт нават у ПП «Дружбінец» толькі дзве. Так што рэзервы для павышэння тэмпаў уборкі траў першага ўкосу, паляпшэння якасці кармоў у корманарыхтоўшчыкаў раёна ёсць.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа ) Аляксандр Пашкевіч і Андрэй Бірулін, механі­затары ПП «Дружбінец».