З гімназіі для адораных дзяцей — у Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны; з дыпломам урача-ветэрынара — на свінаводчы комплекс ДП «Саўгас імя Машэрава». Такі жыццёвы шлях за апошнія гады прайшоў віцябчанін Аляксандр Пятроў. Прайшоў насуперак волі бацькоў, не зважаючы на паблажлівыя ўсмешкі сяброў і знаёмых.

— Мая мама — медык. Таму вельмі хацела, каб я стаў доктарам. Ды і ўзровень падрыхтоўкі, вынікі тэсціравання дазвалялі  мне стаць студэнтам медінстытута. Але ў мяне былі іншыя ўяўленні аб прафесіі і жыццёвых каштоўнасцях. Таму я выбраў ветэрынарыю і вёску, — расказвае Аляксандр Пятроў (на здымку).

У Машканы хлопец прыехаў з маладой жонкай, якая таксама скончыла ветэрынарную акадэмію. Маладыя спецыялісты з імпэтам спасцігаюць на практыцы тонкасці прафесіі, у якой, пакуль што, не расчараваліся. Як і ў вясковым жыцці.

Аляксандр, які ў гады вучобы быў яшчэ і дыск-жакеем, хутка сходзіцца з новымі людзьмі, умее падтрымаць размову на любую тэму. Камунікабельнасць дапамагае і ў працы.

— Машканы — аграгарадок, дзе сацыяльная інфраструктура не горшая за гарадскую. Тут шмат моладзі, добры Дом культуры, цудоўная прырода: Абалянка, у наваколлі шматлікія азёры, лясы.

Умовы працы таксама задавальняюць — васьміга­дзінны рабочы дзень з двума выхаднымі на тыдзень, жыллё з усімі камунальнымі выгодамі. Што яшчэ трэба чалавеку? — разважае Аляксандр. Праўда, прызнаецца мой субяседнік, ні ў мясцовым ДК, ні на ўлонні прыроды пабываць пакуль што не ўдалося. Пасля работы хочацца пабыць разам. Ды і кватэру Пятровы дзеляць з іншымі маладымі спецыялістамі. А ў выхадныя дні  спяшаюцца да бацькоў у Віцебск ці Оршу. Пакуль што родныя — іх галоўная маральная і матэрыяльная падтрымка. Заробкаў толькі і хапае, каб набыць паліва для аўто.

Зрэшты, планы на будучыню не памяняліся. З часам, калі будуць асвоены ўсе тонкасці прафесіі, упэўнены Аляксандр, вырастуць і заробкі. Аптымізму дабаўляюць і апошнія заявы ўрада, змены, накіраваныя на інтэнсіфікацыю сельскагаспадарчай вытворчасці,  а значыць і на павышэнне матэрыяльнай узнагароды работнікаў АПК.