Другі па велічыні валун у Беларусі – Чортаў камень – рыхтуецца стаць турыстычным аб’ектам
Прыгажосць і добраўпарадкаванасць наваколля залежаць ад людзей. Варта толькі пабываць ля адной са славутасцей Сенненшчыны — «Чортавага каменя» (на здымку), што знаходзіцца каля вёскі Вароніна, каб пераканацца ў гэтым.
Местачкоўцы, пэўна, і многія сенненцы, турысты, падарожныя бывалі ля валуна і ўражваліся яго памерамі, не раз чулі паданні звязаныя з ім. Колькі гадоў «Чортаў камень», або «Кравец», знаходзіўся ў нетрах зямлі: напалову схаваны, зарослы хмызняком, абмежаваны з аднаго боку глыбокай ямінай, напоўненай вадой, — знайсці яго было нялёгка.
Недалёка ад каменя пракладзены нафтаправод, таму па ініцыятыве Мікалая Колмака, начальніка нафтаперапампоўваючай станцыі «Сянно», яе працаўнікі, якія выконвалі неяк паблізу ад каменя работы, добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол яе.
— Канешне, камень знаходзіўся ў непрывабным стане, — расказвае Мікалай Анатольевіч. — Мы крыху яго акультурылі, прыбралі хмызняк, ачысцілі ад зямлі, адным словам, паказалі «таварны выгляд» «Чортавага каменя».
Замацавалі «дружбінцы» і прыгожую металічную шыльду ля валуна, а каля дарогі ўстанавілі ўказальнік у выглядзе стрэлачкі, якая накіроўвае да помніка прыроды.
Калісьці вучні былой раснянскай школы высадзілі ўздоўж сцежкі да каменя каштанавую алею. Некаторыя дрэвы не прыжыліся. Аднак большасць саджанцаў з кожным годам набірае сілу. У планах «дружбінцаў» увесну падсадзіць маленькія сосны — абнавіць алею. Пасадачны матэрыял паабяцаў даць галоўны ляснічы Сенненскага лясніцтва Мікалай Саржыцкі. Мабыць, з’явяцца і прыгожыя альтанкі ля Чортавага каменя, што дапаможа незвычайнаму помніку прыроды стаць адным з нямногіх турыстычных аб’ектаў Сенненшчыны, да якога б пазнавальныя маршруты вялі школьнікаў, студэнтаў. Галоўнае не губляць імпэт у пачатых добрых справах.
Ірына ГАРБАЧОВА.
Даведка.
Валун «Чортаў камень» належыць да ліку самых буйных валуноў Беларусі (другі па велічыні пасля «Вялікага каменя» ў Шуміленскім раёне).
Па форме нагадвае паралелепіпед, нахілены на поўдзень. Памер валуна: даўжыня 10,2 м, шырыня 6 м, вышыня каля 4 м (над паверхняй зямлі 2,05 м). Аб’ём — каля 130 куб м., вага — 340 тон.
Прынесены ледніком з паўднёва-заходняй Фінляндыі 17-20 тысяч гадоў назад у перыяд паазерскага абледзянення.