Сенненскі “ОСВОД” папярэджвае: галоўнае правіла бяспечных паводзін на лёдзе — не рызыкаваць!

Вось-вось пачнецца ледастаў. Гэтай пары з нецярпеннем чакаюць рыбакі-аматары, юныя канькабежцы і  хакеісты. Між іншым, пакуль лёд не дасягне таўшчыні 7 сантыметраў, на яго ўвогуле забараняецца ступаць. Невыпадкова Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь прапануе ўвесці адказнасць за выхад на лёд у перыяд лёдаўтварэння, ускрыцця рэк і вадаёмаў у выглядзе штрафу да 10 базавых велічынь. Мяркуецца, што падобныя меры дапамогуць, калі не зусім пазбегнуць ахвяр, то ва ўсякім выпадку зменшыць колькасць трагедый.

 Наш карэспандэнт у сваю чаргу папрасіў старшыню таварыства выратавання на вадзе (ОСВОД) Уладзіміра Станкевіча прыгадаць асноўныя  праві­лы бяспечных паводзін на лёдзе.

 — Самае простае і самае надзейнае правіла, — кажа Уладзімір Пятровіч, — не рызыкаваць самому і не дазваляць рабіць гэта дзецям. Перш чым начаць рухацца па лё­дзе, трэба пераканацца ў яго трываласці. Зрабіць гэта можна любым важкім і цвёрдым прадметам. Некалькім асобам лепш рухацца цугам: адзін за адным на адлегласці не менш 5-6 метраў.

 Катайцеся на каньках на спецыяльных катках, а на натуральных вадаёмах пры таўшчыні лёду 10-12 сантыметраў.

 У час падлёднай рыбалкі не варта бурыць шмат лунак на блізкай адлегласці. Небяспечна скакаць, бегаць па лёдзе, збірацца вялікімі групамі.

 Кожнаму рыбалову рэкамендуецца мець пры сабе выратавальны жылет і  лінь (вяроўку даўжынёй 15-20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам да паўкілаграма на другім).

 Пры надзвычайным здарэнні варта дзейнічаць хутка і рашуча: кінуць убок берага замацаваны на поясе лінь, шырока раскінуць рукі і без рэзкіх рухаў імкнуцца выбрацца на цвёрды лёд, а затым, лежачы на жываце або спіне, набліжацца да берага, адначасова паклікаўшы на дапамогу.

 Пры аказанні дапамогі таму, хто праваліўся пад лёд, варта выкарыстоўваць драбіны (лестницы), дошкі, жэрдкі, вяроўкі і іншыя спадручныя сродкі шляхам іх падачы пацярпеламу, пры гэтым набліжацца да яго трэба лежачы паўзком, пажадана абапіраючыся на прадметы, што павялічваюць плошчу апоры. Калі выратавальнікаў некалькі, то лепш утварыць ланцужок, утрымліваючы адзін аднаго за ногі.

 Нельга набліжацца да ўмёрзлых прадметаў, месцаў з хуткім цячэннем, упадання ў вадаём ручаёў, рэк, сцёкавай вады.

 На лёд лепш не выходзіць аднаму. Калі аказаліся на тонкім, які патрэсквае, лёдзе, не губляйцеся. Асцярожна павярніце назад і слізгаючымі крокамі вяртайцеся да берага.

 Катэгарычна забараняецца:

 пераходзіць вадаём па лёдзе, які не ўмацаваўся, у цёмны час сутак, у малавядомых месцах і дрэннае надвор’е.

 Варта прыгадаць, што толькі сёлета па Віцебскай вобласці ахвярамі вады сталі 117 чалавек, сярод якіх 6 дзяцей. Ёсць тут і трагедыі, звязаныя з ледаставам і вясеннім раставаннем лёду.

 Хочацца звярнуцца і да старшынь пярвічных арганізацый выратавання на вадзе: актывізуйце рас­тлумачальную работу ў сваіх калектывах. Дзе яшчэ не аформлены куткі ОСВОДа, паклапаціцеся аб нагляднай агітацыі. Пакуль што гэта зрабілі Аркадзь Сінічэнка (распажыўтаварыства) і Аляксандр Баркавец (раённы адзел па надзвычайных сітуацыях).

Міхаіл БЯЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *