У рамках «Дажынак-2016» распачаты капітальны рамонт Сенненскай ЦРБ
У перыяд падрыхтоўкі да абласнога свята-кірмашу “Дажынкі-2016”, якое пройдзе ў нашым райцэнтры, распачаты капітальны рамонт паліклінікі і добраўпарадкаванне тэрыторыі Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы. На гэтыя мэты выдзелена 10 млрд рублёў, расказаў галоўны ўрач раёна Ігар Мізаўцоў.
У паліклініцы будуць рэканструяваны камунікацыі электра-, цепла-, водазабеспячэння, каналізацыйная сетка, зроблена аддзелка памяшканняў, тэлефанізацыя і камп’ютарызацыя кабінетаў. Пасля рамонту паліклініку абсталююць новай мэбляй.
Завяршэнне работ плануецца ў жніўні. Але гэта будзе ўвод у строй толькі першага адрамантаванага аб’екта ЦРБ. Па словах Ігара Мізаўцова, пастаўлена задача ўзняць сенненскую раённую ўстанову аховы здароўя на сучасны ўзровень аснашчанасці. Усяго на гэтыя мэты запланавана выдзеліць 24 млрд рублёў. Зроблена неабходная праектна-каштарысная дакументацыя на правядзенне рамонту ўсёй медустановы.
За межамі тэрыторыі ЦРБ будуецца стаянка для аўтатранспарта наведвальнікаў бальніцы, што дало магчымасць наладзіць прапускную сістэму і абсталяваць кругласутачны пост аховы, як і належыць у рэжымнай установе.
Будзе папаўняцца райбальніца і новым абсталяваннем. Ужо набыты гематалагічны аналізатар, з дапамогай якога можна рабіць пашыраны аналіз крыві, і другі апарат УЗІ.
Рамонтам і добраўпарадкаваннем займаюцца будаўніча-мантажныя трэсты №18 г.Оршы і №9 г.Віцебска, ПМК-266 г.Круглае, віцебскі “Цеплатэхнік” і іншыя.
Работы будуць працягвацца і пасля “Дажынак”. Як адзначыў галоўны ўрач, абласное кіраўніцтва абяцала падтрымаць фінансамі і абсталяваннем. А наведвальнікаў бальніцы Ігар Міхайлавіч просіць прабачыць за часовыя нязручнасці і нейкі час пацярпець.
Таццяна Буракова.