Марына Шчарбіцкая — гаспадыня лесу
У людзей склаўся стэрэатып, што ў лясной гаспадарцы працуюць пераважна мужчыны. Аднак у апошні час і дзяўчаты пачалі цікавіцца лесагаспадарчай дзейнасцю.
У ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» Марына Шчарбіцкая трапіла пасля размеркавання з Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа. Дакладней, сама выбрала «кропку на карце», дзе давядзецца адпрацаваць, як мінімум, два гады. Марына — з Міёршчыны, з аграгарадка Язна, пра жыццё ў вёсцы ведае не па чутках. Таму вельмі спакойна аднеслася, калі не ўбачыла ў пасёлку шматпавярховак, вялікіх магазінаў. Расчаравання, што часам ахоплівае маладых спецыялістаў, якія трапляюць у малыя населеныя пункты, у Марыны не было.
— Паўгода як я працую ў лясгасе, мяняць месца працы не думаю, — смяецца дзяўчына. — Раз узялася — пайду да пераможнага канца, як бы складана не было.
Марына марыла стаць юрыстам: цікавая, больш таго, даволі прэстыжная прафесія. Але, калі надышла пара вызначацца з будучым заняткам, дзяўчына раптам памяняла свае погляды. Пасля заканчэння школы яна бліскуча здала дзяржаўныя тэсты і паступіла ў Полацкі ўніверсітэт на спецыяльнасць «Інжынер. Хімік-тэхнолаг». Але, літаральна за пару дзён да залічэння, Марына забрала дакументы: ва ўніверсітэце папярэдзілі пра адсутнасць размеркавання па дадзенай спецыяльнасці.
На раздумванне часу не заставалася, таму вырашыла рызыкнуць і атрымаць «мужчынскую» прафесію.
У адным з буйнейшых прадпрыемстваў Сенненшчыны маладога спецыяліста прынялі на пасаду інжынера па лесаўзнаўленні і меліярацыі. Кіраўніцтва забяспечыла дзяўчыну жыллём і неблагім заробкам. Марыне нават можна пазайздросціць: яна адзіная дзяўчына ў сваім аддзеле. «З першых дзён я заўважыла, што мяне дружалюбна прынялі ў калектыве, — дзеліцца Марына. — Цяперашнія калегі аднесліся з разуменнем да таго, што я яшчэ навічок у працы. Таму вялікае ім дзякуй за аказаную дапамогу».
У Марыны Шчарбіцкай сапраўды не зусім звыклая для дзяўчат прафесія. Але, па яе словах, у акадэмічнай групе каледжа, на патоку было шмат дзяўчат. Да таго ж дзяўчына з дзяцінства любіць лес. А цяпер зразумела, што абрала правільны шлях.
Ала ЯКАЎЛЕВА.