Марына Шчарбіцкая — гаспадыня лесу

У людзей склаўся стэрэатып, што ў лясной гаспадарцы працуюць пераважна мужчыны. Аднак у апошні час і дзяўчаты пачалі цікавіцца лесагаспадарчай дзейнасцю.

У ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» Марына Шчарбіцкая трапіла пасля размеркавання з Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа. Дакладней, сама выбрала  «кропку на карце», дзе давядзецца адпрацаваць, як мінімум,  два гады. Марына — з Міёршчыны, з аграгарадка Язна, пра жыццё ў вёсцы ведае не па чутках. Таму вельмі спакойна аднеслася, калі не ўбачыла ў пасёлку шматпавярховак, вялікіх магазінаў. Расчаравання, што часам ахоплівае маладых спецыялістаў, якія трапляюць у малыя населеныя пункты, у Марыны не было.

— Паўгода як я працую ў лясгасе, мяняць месца працы не думаю, — смяецца дзяўчына. — Раз узялася — пайду да пераможнага канца, як бы складана не было.

Марына марыла стаць юрыстам: цікавая, больш таго, даволі прэстыжная прафесія. Але, калі надышла пара вызначацца з будучым заняткам, дзяўчына раптам памяняла свае погляды. Пасля заканчэння школы яна бліскуча здала дзяржаўныя тэсты і паступіла ў Полацкі ўніверсітэт на спецыяльнасць  «Інжынер. Хімік-тэхнолаг». Але, літаральна за пару дзён да залічэння, Марына забрала дакументы:  ва ўніверсітэце папярэдзілі пра адсутнасць размеркавання па дадзенай спецыяльнасці.

На раздумванне часу не заставалася, таму  вырашыла  рызыкнуць і атрымаць  «мужчынскую» прафесію.

У адным з буйнейшых прадпрыемстваў Сенненшчыны  маладога спецыяліста прынялі на пасаду інжынера па лесаўзнаўленні і меліярацыі. Кіраўніцтва забяспечыла дзяўчыну жыллём і неблагім заробкам. Марыне нават можна пазайздросціць: яна адзіная дзяўчына ў сваім аддзеле. «З першых дзён я заўважыла, што мяне дружалюбна прынялі ў калектыве, — дзеліцца Марына. — Цяперашнія калегі аднесліся з разуменнем да таго, што я яшчэ навічок у працы. Таму вялікае ім дзякуй за аказаную дапамогу».

У Марыны Шчарбіцкай сапраўды  не зусім звыклая для дзяўчат прафесія. Але, па яе словах, у акадэмічнай групе каледжа,  на патоку было шмат дзяўчат. Да таго ж  дзяўчына з дзяцінства любіць лес. А цяпер зразумела, што абрала праві­льны шлях.

Ала ЯКАЎЛЕВА.