Купала і Колас жывуць у сэрцах сенненцаў

У гэты дзень канцэртная зала Сенненскай ДШМ ледзь змяшчала ўсіх жадаючых трапіць на дзейства. Прыхільнікаў творчасці Я.Купалы і Я.Коласа, якіх аказалася нечакана шмат, супрацоўнікі раённай бібліятэкі запрасілі на літаратурна-музычную кампазіцыю, прысвечаную 130-годдзю з дня нараджэння  песняроў беларускага слова.

Вядучыя мерапрыемства Ніна Гарнак і Алена Вярцейка, пад гукі вальса Напалеона Орды ў выкананні выкладчыцы Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў Ірыны Корсакавай, увялі гледачоў у свет жыцця і творчасці Купалы і Коласа.

Паэт — заўсёды Праметэй. Агонь сваёй душы, невычэрпную глыбіню паэзіі ён нясе людзям. Колькі б часу не прайшло, беларускія песняры заўсёды будуць жыць у памяці ўдзячных на­шчадкаў.

Нарадзіліся Купала і Колас у адным і тым жа годзе і мэту выбралі для сябе адну — талент, душу і сэрца аддаць свайму народу.

Прызнаннем сусветнага значэння беларускай літаратуры з’яўляецца той факт, што недалёка ад Нью-Ёрка помнік Янку Купалу ўстаноўлены побач з помнікамі Пушкіну, Шаўчэнку, Уітмену. Ёсць помнік Купалу і ў Маскве на Кутузаўскім праспекце.

У 1982 годзе па рашэнні ЮНЕСКА шырока адзначалася 100-годдзе беларускіх класікаў. 2007-ы ў Беларусі стаў годам слова Купалы і Коласа. Сёлетні — аб’яўлены Годам кнігі. І гэта невыпадкова, бо на яго прыхо­дзіцца шмат юбілейных дат знакамітых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, сярод якіх Купала і Колас.

У сваіх творах яны раскрылі нацыянальны характар, выказалі  думкі і спадзяванні беларусаў. А па творчай манеры паэты былі розныя, у кожнага быў свой голас, кожны прайшоў свой жыццёвы шлях.

Янка Купала нарадзіўся на Купалле. І псеўданім яго падкрэслівае імкненне дапамагчы народу «знайсці папараць-кветку» — кветку шчасця. У творчасці Купалы знаходзілі адлюстраванне легенды і паданні роднага краю («Курган», «Бандароўна»). Фальклор жывіў думку паэта, заахвочваў  да плённай працы.

Купала — паэт і, разам з тым, выдатны драматург («Адвечная песня», «Тутэйшыя», «Раскіданае гняздо»). Яго пяру належыць знакамітая «Паўлінка», якая ўвайшла ў залаты фонд сусветнай драматургіі. Гэты спектакль не сыходзіць са сцэны больш за шэсць дзясяцігоддзяў і вытрымаў амаль дзве тысячы паказаў, змяніў некалькі пакаленняў гледачоў.

Якуб Колас — сусветна вядомы мастак слова, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі. Ён заклаў асновы беларускага рамана і быў бы вялікім паэтам нават тады, калі б стварыў толькі адну «Новую зямлю», якую называюць энцыклапедыяй сялянскага жыцця. Значнае  месца ў творчасці Коласа займала пейзажная лірыка. Ён умеў перадаць хараство і музыку прыроды.

Класікаў беларускай літаратуры звязвала даўняе сяброўства. Амаль адначасова яны пачалі пісаць і друкавацца. У пісьмах дзяліліся сваімі творчымі задумамі, марылі ўбачыць свой народ вольным і шчаслівым…

Літаратурна-музычная кампазіцыя суправаджалася відэапаказам слайдаў. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава «Песняры беларускай зямлі».

Песні пра Беларусь, пра славутых паэтаў і музычныя творы, напісаныя на іх вершы, у час сустрэчы прагучалі ў выкананні Ігара Паўлоўскага, Алены Малахавай, жаночай групы хору работнікаў культуры, вакальнага ансамбля «Мелодыка», Міхаіла Насоўскага. Ірына Булаткіна і Вера Гарнак выканалі на цымбалах «Польку беларускую». Вершы, прысвечаныя  песнярам, чыталі Таццяна Глотава, Валерыя Кляпцова, Анастасія Бялко. Сярод іншых прагучаў і верш жыхара нашага горада Віктара Астапенкі «Купала і Колас».

Песняры Бацькаўшчыны будуць вечна жыць у сэрцы народа. Пра гэта яскрава сведчыць і  мерапрыемства, якое надоўга пакіне след у душах сенненцаў сваёй шчырасцю і цеплынёй.

Таццяна Буракова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *