Студэнты ВДУ імя П.М.Машэрава прайшлі “Машэраўскі паход”

Сенненшчыну наведала дэлегацыя студэнтаў і выкладчыкаў ВДУ імя П.М.Машэрава. Традыцыйна валанцёрскія групы ладзяць трохдзённыя паходы на ра­дзіму і па месцах жыцця і дзейнасці нашага знакамітага земляка.

Шлях «машэраўцаў» на Сенненшчыне пачаўся з вёскі Машканы, дзе валанцёры наведалі мясцовую школу, яе музей. Прайшлі сяброўскія матчы па футболе, валейболе са школьнікамі. Далей маршрут працягнуўся да вёскі Шыркі, у якой нарадзіўся Пётр Міронавіч.

— Мы не проста ездзім «па слядах Машэрава», — расказвае Андрэй Серабракоў, выкладчык фізічнай культуры дзяржуніверсітэта. — Знаёмячыся са славутасцямі сенненскага краю, па дарозе мы добраўпарадкоўваем помнікі змагарам  з фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне, ускладаем вянкі, аказваем шэфскую дапамогу састарэлым людзям у вёсках, што прылягаюць да маршруту, безумоўна, загадзя дамовіўшыся з мясцовым кіраўніцтвам.

Валанцёры пабывалі ў вёсках Кічына, Карчэўшчына, Обаль. У райцэнтр госці прыехалі на другі дзень сваёй вандроўкі. У другой сенненскай школе студэнты і выкладчыкі ВДУ імя П.М.Машэрава выступілі з праграмай прафарыентацыйнай накіраванасці перад старшакласнікамі, паказаўшы відэафільм пра сваю «alma mater». Гасцінна сустрэўшы валанцёраў, Алена Зелентава, завуч па выхаваўчай рабоце СШ№2 г.Сянно, правяла невялікую экскурсію па ўстанове адукацыі, арганізавала гасцям абед і размясціўшы іх на начлег. Прайшлі і таварыскія матчы студэнтаў з сенненскімі школьнікамі па настольным тэнісе і валейболе.

Трэці дзень на Сенненшчыне для дэлегацыі «машэраўцаў» пачаўся з экскурсій па горадзе, краязнаўчым музеі, дзе зараз размясцілася  выстава Васіля Бандарэвіча «И вечной памяти двенадцатого года», прысвечаная падзеям Айчыннай вайны 1812 года, двухсотгоддзе якой святкуецца сёлета. Крыніца «Каплічка» стала апошняй кропкай для студэнтаў і выкладчыкаў ВДУ імя П.М.Машэрава ў Сянне.

Напрыканцы, Андрэй Іосіфавіч адзначыў, што Сенненшчына — вельмі маляўнічы і прыгожы край. «Звычайна мы наведваем яго восенню, таму ў паходах нам раскрываюцца ўсе фарбы сенненскіх ландшафтаў, бязмежная далячынь лясоў і чароўнасць азёр. Студэнтам падабаюцца такія падарожжы. Яны не толькі адпачываюць ад заняткаў, але даведваюцца шмат цікавага пра чалавека, імя якога «носіць» іх універсітэт, сустракаюцца са шматлікімі людзьмі, бескарысна ім дапамагаюць,» — падкрэсліў выкладчык ВДУ.

Падобныя паходы валанцёрскіх груп з дзяржуніверсітэта адбываюцца і ў Расонскім раёне, дзе Машэраў стварыў і ўзначаліў Расонскае патрыятычнае падполле, дзе быў камандзірам партызанскага атрада. Часцей (толькі 4-дзённыя) паходы па Расоншчыне праходзяць зімой, таму іх асаблівасцю з’яўляецца пераход на лыжах валанцёрскай групай мясцовых азёр.

Ірына ГАРБАЧОВА.