Сенненскія “совы” адсвяткавалі 60-годдзе з дня ўтварэння ахоўнай службы

Знакавай датай для ахоўнікаў з’яўляецца 29 кастрычніка 1952 года, калі Савет Міністраў СССР прыняў адпаведную пастанову. У Сянне ўпершыню ахова аб’ектаў была арганізавана ад аддзела міліцэйскай службы Аршанскага гарадскога аддзела міліцыі ў 1959 годзе. 1 ліпеня 1967 года  створана аддзяленне пазаведамаснай аховы пры раённым аддзяленні ўнутраных спраў Сенненскага райвыканкама. Сучасную назву — Сенненскае аддзяленне Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь — установа атрымала ў лютым 2004 года.

У наш час аддзяленне — гэта зладжаны, тэхнічна асна­шчаны і аператыўны механізм, які гарантуе надзейную абарону аб’ектаў, у тым ліку, кватэр ад злачынных замахаў. Сучасныя сродкі ахоўнай сігналізацыі, мабільнасць групы затрымання, яе аснашчанасць тэхнікай і ўзбраеннем дазваляюць у поў­най меры забяспечваць выкананне дагаворных абавязацельстваў па ахове маёмасці, а таксама папярэджваць і раскрываць правапарушэнні на пастах і маршрутах патрулявання, падтрымліваць грамадскі парадак.

Сваю небяспечную і вельмі патрэбную варту супрацоўнікі аддзялення нясуць кругласутачна. Вось і на святочнае мерапрыемства з нагоды юбілею, што прайшло ў сценах ад­дзялення, патрапілі не ўсе. Служба — на першым месцы.

Асаблівыя словы падзякі ў сваім віншавальным выступленні выконваючы абавязкі начальніка аддзялення, капітан міліцыі Аляксандр Дунец адрасаваў ветэранам службы, якіх нямала прысутнічала ў зале.

Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто не дажыў да сённяшняга юбілею. Назаўсёды ў памяці застануцца імёны А.Д.Бышчава, М.А.Лукашэвіча, М.А.Падалінскага, І.У.Камандышкі, В.В.Паўлоўскага.

Але жыццё працягваецца і калектыў аддзялення папаўняецца новымі маладымі кадрамі. Толькі ў гэтым годзе яго рады папоўнілі 10 супрацоўнікаў.

На ўрачыстым мерапрыемстве траім навічкам ахоўнай службы — міліцыянерам ўзвода міліцыі Таццяне Ходас, Максіму Багдановічу і міліцыянеру-вадзіцелю групы затрымання Ула­дзіславу Таукчы — ветэран унутранай службы Пётр Стычынскі ўручыў табельную зброю.   Нагруднымі знакамі «За самаадданую службу» і «За адзнаку» ўзнагароджаны міліцыянер-вадзіцель Юрый Гарбачоў і міліцыянер-кінолаг Яўген Караткевіч.  Шэраг супрацоўнікаў за добрасумленную службу заахвочаны граматамі.

Агульным падарункам для ўсіх стаў канцэрт выхаванцаў гурткоў «Вакал» і «Вакаліна», падрыхтаваны раённым цэнтрам дзяцей і моладзі. Сваю лепту ў яго ўнеслі і самі ахоўнікі. Уладзімір Скакун павіншаваў саслужыўцаў беларускай гумарэскай.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *