Працоўныя калектывы Сенненшчыны павялічыліся на 122 чалавекі

Сустрэча з маладымі спецыялістамі 2012 года адбылася ў раённым Доме культуры. Ужо некалькі гадоў на Сенненшчыне існуе традыцыя праводзіць падобныя сустрэчы для маладых кадраў, каб даць ім магчымасць бліжэй пазнаёміцца, даведацца пра жыццё раёна. Сёлета 122 чалавекі «папоўнілі рады» працоўных калектываў раёна.

Адкрылі мерапрыемства і надалей вялі яго Марына Наваковіч, начальнік ад­дзела па справах моладзі райвыканкама, і Аляксандр Абушкевіч, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «БРСМ». Са шчырымі словамі прывітання да маладых спецыялістаў звярнуўся старшыня райвыканкама Віктар Цапота, які павіншаваў іх з новым нялёгкім этапам у жыцці. Узгадаў кіраўнік раёна і некалі маладых спецыялістаў, а сёння ўжо вопытных кіраўнікоў, партрэты якіх змешчаны на раённай Дошцы гонару. На сустрэчы таксама прысутнічалі Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама, начальнікі аддзелаў Сенненскага раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якія разам з маладымі спецыялістамі 2011 года сустракалі апладысментамі сёлетняе папаўненне ў сельскую гаспадарку, прамысловасць, гандаль, медыцыну, адукацыю, будаўнічую і сацыяльную сферы. Кожнаму маладому спецыялісту ўручалі памятныя падарункі, у прыватнасці, кнігу «Памяць. Сенненскі раён».

 Напрыканцы адбылася канцэртная праграма. Маладыя спецыялісты 2012 года Святлана Мамедава зачаравала ўсіх сваёй музыкай на гітары, а Яна Ткачова — душэўнай песняй на ўкра­і­н­скай мове. Прэзентавалі свае пазітыўныя кампазіцыі Вікторыя Ляхновіч, Міхаіл Насоўскі, група «В джазе только дедушки». Спадабаўся слухачам і віцебскі дуэт «Антонія».

Ірына ГАРБАЧОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *