Апытанне: Якому адпачынку аддае перавагу сенненская моладзь?

— Куды пойдзем?

— У «птицу»…

Менавіта такі дыялог неяк пачула ад маладых лю­дзей, якія вырашалі пытанне наконт вячэрняга адпачынку.

«Чайка», «Бар-більярдная», «Вернісаж», «Міраж», дыскатэка… Пэўна, гэта ўсе кропкі, дзе сенненская моладзь «обитает» па выхадных. Нядаўна адрамантаванае кафэ «Чайка» стала папулярным месцам «злёту» раённай моладзі. Там можна сустрэць шмат знаёмых, утульна пасядзець за столікам, перакусіць ці выпіць кавы… На жаль,  месца  хапае не ўсім.

Што б  хацела моладзь раёна для змястоўнага адпачынку? Як жа яна праводзіць вольны ад вучобы ці працы час? З гэтымі пытаннямі звярнулася да маладых людзей.

Вольга Гаравая, студэнтка:

— Усё залежыць ад пары года. Напрыклад, у буднія дні, хаджу да сябровак у госці, летам — на возера. Па выхадных — у кафэ «Чайка», гуртуемся ў цэнтры горада, парку.

Было б здорава, калі б у Сянне пабудавалі боулінг. Яшчэ вельмі дзіўна, што ў нас няма ніякай асобнай, тыпу рабочай сталовай.

Павел Якубовіч, дырэктар сенненскага Дома рамёстваў:

— Натуральна, мяне хвалюе больш тое, што ў нас няма мастацкай школы альбо студыі. Мы маем шмат таленавітых дзетак, якія жадаюць атрымаць пэўныя азы малявання на сучасным узроўні.

Наконт моладзі… складана, што сказаць. Напэўна, патрэбен хаця б яшчэ адзін «Вернісаж», у многіх такія патрабаванні… Па выхадных я адпачываю як і ўсе, звычайна ў «Міражы». Калі пабудавалі б у Сянне басейн, то многіх ён зацікавіў бы толькі на некалькі дзён, потым зноў усе вернуцца ў сенненскі бар… Гэта маё меркаванне.

Ганна Падалінская, інжынер вытворча-эканамічнага аддзела:

— Сапраўды не ведаю, што адказаць. Я ў вольны час займаюся спортам і маю зносіны з сябрамі, у асноўным  — на Сінаях. Часам наведваем кафэ «Вернісаж», якое, дарэчы, не заўсёды пакідае прыемныя ўражанні.

Хацела б, каб у Сянне пабудавалі спартыўна-забаўляльны комплекс з басейнам, більярдам, боулінгам і г.д.

Сяргей Агафонаў, інжынер-праграміст:

— Калі рэальна глядзець на рэчы, то ў Сянне не так і шмат месцаў для баўлення вольнага часу моладзі. Для школьнікаў, напрыклад, цалкам хапае школьных факультатываў, гурткоў, спартыўных секцый. Працуючы ў сістэме адукацыі, я бачу, што гэта ёсць і гэта працуе. Іншая справа, катэгорыя моладзі пасля школьнага ўзросту. Напрыклад, я захапляюся электронікай, прыладамі аўтаматыкі, праграмаваннем. Не хапае гурткоў (аб’яднанняў) тэхнічнай накіраванасці. Я б з задавальненнем стаў удзельнікам клуба праграмістаў, ды і ведаю нямала хлопцаў, якія б не адмовіліся наведваць яго.

У цэлым, знайсці моладзі дастойны занятак у вольны час можна, было б жаданне і на карысць.

Ірына ГАРБАЧОВА.