Прыйшоў час будаваць

Чарговы кааператыўны 60-кватэрны пяціпавярховы цагляны жылы дом у Сянно ўзводзіцца ў завулку Касманаўтаў. У ім будуць толькі двухпакаёвыя кватэры. Будаўнічыя работы на  важным сацыяльным аб’екце вядуць спецыялісты УП “ПМК-64”. Побач — яшчэ некалькі шматкватэрных дамоў, пабудаваных імі.

 Людміла Карповіч, якая ў  ПМК-64 працуе інжынерам па ахове працы і  адначасова здзяйсняе нагляд за якасцю работ, на аб’екце бывае рэгулярна.

— Па-першае, у нас якасці будаўнічых работ  надаецца  вялікая ўвага. Як-ніяк у Беларусі  сёлетні год аб’яўлены годам якасці, ды і дом кааператыўны. Па-другое, хоць на будоўлі працуюць брыгады Васіля Васілёнка і Уладзіміра Лугаўцова, у складзе якіх шматвопытныя будаўнікі, павышаная ўвага з майго боку тлумачыцца тым, што майстар аб’екта Кірыл  Бельскі — малады спецыяліст. Яшчэ месяц не адпрацаваў у нас. Так што  трэба дапамагчы хлопцу.

 Кірыл Бельскі нарадзіўся ў Беліцы. Нядаўна скончыў Лепельскі  гідрамеліярацыйны каледж па спецыяльнасці “будаўніцтва”. Размеркаваўся ў ПМК -64, чым вельмі  задаволены.  Ужо сёлета паступіў у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, дзе будзе вучыцца завочна.

 — Работа падабаецца. Умовы жылля таксама добрыя. Так што трэба  вучыцца. Набірацца практычнага вопыту  дапамагаюць старэйшыя калегі, кіраўніцтва прадпрыемства, — з удзяч­насцю гаворыць Кірыл.

 Пакуль што работы на аб’екце вядуцца ў адну змену. Закладзены фундамент, нулявы ўзровень перакрыты плітамі. Далей  муляры, з якіх пераважна складзены будаўнічыя брыгады, будуць падымаць сцены з цэглы.

— Паміж абліцовачнай і забутовачнай цэглай  прадугледжаны двухслаёвы ўцяпляльнік, паветраная праслойка. Так што ў кватэрах будзе цёпла. Пенапласт прымяняецца па ўсім перыметры дома, — тлумачыць малады майстар-будаўнік.

 Якасць работ – важны складнік для стварэння станоўчага іміджу прадпрыемства, якое працуе ва ўмовах рынку. Каб работы на аб’екце вяліся ў адпаведнасці з навейшымі тэхналогіямі і праектам, толькі нагляду з боку спецыялістаў і адпаведных службаў недастаткова. Неабходны кваліфікаваныя будаўнікі масавых прафесій. У ПМК-64 разумеюць такую ўзаемасувязь. За год заробак будаўнікоў вырас удвая. Што дазволіла прыцягнуць у арганізацыю тых спецыялістаў, якія некалі з’ехалі ў Расію, працавалі некаторы час у прыватных прадпрыемствах.

— Падобная накіраванасць у аплаце працы будзе захавана, —  каментуе  Аляксандр Блізнюк. – Мы памятаем пра патрабаванні Прэзідэнта аб павышэнні да канца года ўзроўню заробку да 500 долараў. Ды і для прадпрыемства, якое не так даўно было лідэрам у будаўнічай сферы раёна,  прыйшоў час вяртаць страчаныя  пазіцыі.

Аляксандр Лазюк.

 На здымку: група  будаўнікоў, занятых на ўзвядзенні шматкватэрнага  кааператыўнага дома.  Людміла Карповіч і Кірыл Бельскі — ім ёсць што абмеркаваць.

УП “ПМК-64” – лічбы і факты

Аб’ём будаўніча-мантажных работ за першае паўгоддзе 2010 года склаў 3 млрд 477 млн рублёў пры тэмпе росту 163,7 %.

 На прадпрыемстве працуюць 187 чалавек, прадукцыйнасць працы на аднаго работніка склала за справаздачны перыяд 21 млн рублёў пры тэмпе росту 30,3 %.

 Сярэдняя заработная плата  па прадпрыемству вырасла на 28,7 %.  Выручка ад выкананых работ  і паслуг да ўзроўню 2009 года павялічылася амаль у два разы — на 99 %.

 Прадпрыемства працуе з прыбыткам. Рэнтабельнасць за першае паўгоддзе склала 8,1 %.

 За перыяд з 2008 па 2010 год аб’ём інвестыцый дасягнуў 1 млрд 696 млн рублёў. За гэты час набыты аўтакран, бульдозер, трактар МТЗ-82, пяць грузавых аўтамабіляў, пагрузчык “Амкадор” і іншыя будаўнічыя механізмы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *