ЗАМЕСТ ЯБЛЫКАЎ – АПЕНЬКІ РАСТУЦЬ У САДЗЕ ПЕНСІЯНЕРА З СЯННО

За грыбамі пенсіянер з вуліцы Мічурына, што ў Сянно, Фёдар Чарняўскі ходзіць не ў бліжэйшы лес, а ў свой сад. Дрэўцы яблынь, сліў ды вішань шчыльна ўвітыя сакавітымі апенькамі. Па словах Фёдара Уладзіміравіча,  яны тут растуць гадоў сорак. Верагодна, патрапілі на ўчастак разам з дровамі, месца спадабалася, вось грыбніца і прыжылася. Цяпер спадар Чарняўскі штогод збірае добры ўраджай апенек. У мінулым годзе, кажа, вя­дзёр шэсць нарэзаў.

 Не толькі грыбамі багаты яго падворак. Акрамя прывычных нам яблынь ды груш, у садзе Чарняўскага знайшлося месца і для экзатычнага вінаграду, і для лекавай каліны. Ураджай садавіны дбайнага гаспадара радуе кожны год. Свой унёсак у яго дадаюць працаўні­цы-пчолкі — яшчэ адно захапленне пенсіянера. Мёда і для ўласнага спажывання хапае, і на продаж лішкі застаюцца. На недахоп ахвотнікаў да салодкага ласунку  Чарняўскаму скардзіцца не прыходзіцца. Спрабаваў Фёдар Уладзіміравіч нават рыбу разводзіць у сажалцы. Ды хцівыя людзі справу загубілі: у адсутнасць гаспадара электравудамі ды сеткамі рыбу павывялі.                       

 Поўна ў яго спраў і на зямлі. Сумаваць часу няма, хоць і жыве пенсі­янер адзін (дзеці выраслі, свае сем’і стварылі). А ў рэдкую вольную хвіліну Фёдар Чарняўскі бярэцца за свой стары гармонік, успамінае добрыя песні, а то і імправізуе пад свайго любімага Ясеніна.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 На здымку: «хатні грыбнік» Фёдар Чарняўскі побач з апенькамі.