Баршчэўнік акупіраваў Сенненскі раён

Баршчэўнік Сасноўскага на Сенненшчыне распаўсюджаны даволі шырока. Некалі гэтую расліну  завезлі ў Беларусь з Далёкага Усходу. Меркавалася, што яна будзе выкарыстоўвацца як сіласная культура для папаўнення рацыёну буйной рагатай жывёлы. Не атрымалася. Затое  баршчэўнік з цягам часу  ператварыўся ў сапраўдную напасць для рэгіёна. Ён актыўна пранікае  ў натуральныя  экасістэмы, знішчае мясцовыя віды раслін, нясе непасрэдную пагрозу чалавеку. Сок баршчэўніку, трапляючы на скуру, пад уздзеяннем сонечных промняў выклікае дэрматыты, якія  развіваюцца  па тыпу апёкаў першай, другой і, нават, трэцяй ступеняў.

Ворага трэба ведаць

 Баршчэўнік Сасноўскага — расліна, якая цвіце і прыносіць плады адзін раз у жыцці, пасля чаго адмірае. Да фарміравання кветаноса шкодная расліна пераходзіць звычайна на другі год жыцця, бывае — на трэці, чацвёрты, нават дзясяты, што вельмі ўскладняе барацьбу з баршчэўнікам.

 Калі расліна пераходзіць у фазу цвіцення, вершалінная пупышка пачынае фарміраваць зачаткі суквеццяў (парасонаў) і кветак.  Рост і раскрыццё  адбываюцца вельмі інтэнсіўна, як і апыленне, завязванне  і наліў насення. Суквецце баршчэўніку — гэта складаны парасон, таму  на расліне ў выніку ўтвараецца 20-30 тысяч  адзінак  семя. Пасля гэтага расліна гіне, але пакідае пасля сябе вялізнае патомства.

 Як бачым, баршчэўнік Сасноўскага размнажаецца толькі насеннем. Таму абмежаваць яго распаўсюджванне, тым больш знішчыць папуляцыю ў населеных пунктах, на палетках, на ўзлесках  можна толькі не дапускаючы цвіцення, выспявання насення. Для гэтага падыходзяць розныя спосабы барацьбы: механічны (выкопванне сцеблакораня, перыядычнае скошванне — тры-чатыры разы за перыяд вегетацыі), хімічны — пры дапамозе спецыяльных прэпаратаў.

Дазволены любыя спосабы

 Самы эфектыўны метад барацьбы з  баршчэўнікам — выкапванне  сцеблакораня. Праўда, ён даволі працаёмкі. І эканамічна мэтазгодны для знішчэння асобных экземпляраў ці невялікіх папуляцый (да 100-200 раслін).

 У канцы мая — пачатку чэрвеня  ў раслін  з’яўляюцца кветаносы. Выкапваць  у гэты перыяд іх бессэнсоўна. Аднак  неабходна выдаліць кветаносы, каб яны не пакінулі насеннае патомства. У гэты перыяд усе намаганні павінны быць скіраваны на знішчэнне баршчэўніку шляхам падразання. Праўда, праблема заключаецца ў тым,  што прымяненне трактарных касілак, бензакос і нават ручных кос не заўжды магчымае. Менавіта на ўзлесках, па берагах ручаёў, уздоўж каналаў, на сметніках баршчэўнік  цяжка выдаліць. Як паказвае вопыт, найбольш эфектыўным спосабам выдалення  раслін у такіх месцах  з’яўляецца прымяненне  хіміч­ных прэпаратаў і падразанне асобных экземпляраў звычайнай садовай рыдлёўкай.

 Меры бяспекі

 Пры гэтым нельга забываць, што баршчэўнік  нясе чалавеку сур’ёзную небяспеку. Знішчаючы расліны, па­­мя­тай­це:

  — працаваць трэба ў пахмурныя дні, па­збягаючы апрамянен­ня цела сонечным святлом;

 — пасля работы апрацуйце адкрытыя ўчасткі це­ла цёплай вадой з мы­лам;

 — нельга працаваць, калі на раслінах трымаецца моцная раса.

 Калі ўсё ж пазбегнуць апёку не ўдалося:

 — прамыйце ўчастак цела, на які трапіў сок баршчэўніку, вялікай колькасцю вады;

 — змажце апечаную паверхню  супрацьапекавай маззю (борным вазелінам);

 — накладзіце на пухір стэрыльную павязку, але не ўскрывайце яго;

— на тыя пухіры, якія лопнулі, трэба нанесці  цынкавую мазь.

 Злога, небяспечнага ворага можна перамагчы толькі агульнымі намаганнямі ўсіх жыхароў раёна і арганізацый.

 Тамара Аляксеева,

намеснік начальніка раённай дзяржаўнай інспекцыі

па  насенняводству, каранціну і ахове раслін.