У прадпрыемствах Сенненшчыны праводзяць дні прававой граматнасці
Рашэннем райвыканкама ў раёне створаны і дзейнічаюць дзве групы, на членаў якіх ускладзены абавязкі па пашырэнні прававых ведаў насельніцтва. Звычайна асветніцкую работу ў працоўных калектывах юрысты, спецыялісты дзяржаўных арганізацый і ўстаноў, дзе здзяйсняюцца юрыдычна важныя дзеянні, праводзяць раз у квартал.
На днях адна з такіх груп пабывала ў Сенненскім РУП ЖКГ, другая — у райспажыўтаварыстве. Перад работнікамі гандлю выступілі Сяргей Савік, намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў; Ларыса Камандышка, галоўны спецыяліст аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама; Тамара Смірнова, дырэктар дзяржаўнай установы «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сенненскага раёна»; Алена Кошалева, дырэктар прадстаўніцтва БРУСП «Белдзяржстрах» па Сенненскім раёне. Узначальваў групу Уладзімір Кадыш, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.
Спачатку госці расказалі пра некаторыя нюансы сваёй прафесійнай дзейнасці, пазнаёмілі прысутных з найбольш актуальнымі праблемамі тых сфер, у якіх яны заняты, адказалі на пытанні прысутных. У прыватнасці, Сяргей Савік сваю ўвагу акцэнтаваў на адміністрацыйных правапарушэннях у падлеткавым асяроддзі. Ён папрасіў бацькоў больш уважліва ставіцца да дзяцей, сачыць, каб яны не ўступалі ў канфлікт з законам, бо гэта можа “зламаць” ім будучае жыццё. Алена Кошалева асабліва падрабязна спынілася на магчымасцях страхавой медыцыны.
Заключным момантам сустрэчы сталі гутаркі членаў групы па пашырэнні прававых ведаў з асобамі, якія папрасілі аб прыватных кансультацыях.
Аляксандр Лазюк.