Цяжкія будні сенненскіх каровак!

Летась раён не справіўся з прагнознымі паказчыкамі па валавой вытворчасці  прадукцыі сельскай гаспадаркі і прадукцыі жывёлагадоўлі, у прыватнасці,  хаця некаторая дынаміка росту на фермах назіралася. Ці ўсё магчымае было зроблена ў галіне і што перашкодзіла працаўнікам малочнатаварных ферм выйсці на прагнозны паказчык, даведзены аблвыканкамам і райвыканкамам па вытворчасці малака і мяса?  Гэтыя пытанні ўласны карэспандэнт газеты «Голас Сенненшчыны» і задаў першаму намесніку начальніка райсельгасхарчу Р.М.Маісеевай.

 — Жывёлагадоўля — галіна,у якой каля 60 працэнтаў таннай прадукцыі забяспечваецца ў пашавы перыяд, — гаворыць Раіса Міхайлаўна. — Аб гэтым я гаварыла ў інтэрв’ю райгазеце яшчэ ў маі мінулага года пад рубрыкай «Арыенцір-прагноз» і загалоўкам «З улікам недабору прадукцыі». Нагадаю, гаворка там ішла пра вынікі стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы і пра задачы па вытворчасці малака і мяса ў летне-пашавы перыяд з улікам недабору іх зімой. Разлікі будаваліся зыходзячы з генетычнага патэнцыялу нашага пагалоўя (рэальнасць у далёкім мінусе ад магчымасці), а таксама на падставе ствараемай кармавой базы і наяўнай тэхналогіі ўтрымання малочных і мясных гуртоў. Задумка не атрымалася. Не стану паўтараць лічбы вынікаў работы адкрытых акцыянерных таварыстваў і камунальных унітарных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў за мінулы год. Яны даволі падрабязна выкла­дзены ў газетным артыкуле пад загалоўкам «А сапраўды! Чаму?», апублікаваным у нумары 12 за 15 лютага гэтага года. А вось даць адказ на правал прагнозных паказчыкаў і на пытанне, чаму раён доўгія гады не можа выйсці на ўзровень вытворчасці малака ў 56 тысяч тон і мяса ў 12 тысяч тон, які быў явай у канцы 90-ых гадоў мінулага стагоддзя, паспрабую. Асноўная прычына была і застаецца ў чалавечым фактары. Мяркуйце самі. За мінулы год здохла 991 галава буйной рагатай жывёлы (+ 439 галоў да ўзроўню папярэдняга года), 1794 — прырэзана, 1026 — прададзена насельніцтву. Апошняя лічба не што іншае, як схаваны (за выклю­чэннем адзінак) паморак жывёлы. Такім чынам, па цяперашніх мерках ад даволі буйнога «калга­са» з колькасцю буйной рагатай жывёлы ў 3811 галоў, акрамя страт, нічога не атрымалі. У гэтым ліку і 1373 цяляці-малочнікі, якія загінулі, або больш за 12 працэнтаў ад усяго атрыманага прыплоду. Кожнае пятае цяля ад народжанага маладняку сканала ў ААТ «Какоўчына» (117 галоў), ААТ «Белая Ліпа» (145 галоў), ААТ «Сінягорскае» (184 галавы), ААТ «Пурплева» (136 галоў), ААТ «Літусава» — 99 галоў (14,8 працэнта ад народжанага).

 Калі б у кожнай пятай гаспадыні прыватнага сектара малочнае цяля «працягвала  ногі», то ў раёне пара было б аб’яўляць нейкую пандэмічную абстаноўку, і ўсім ветэрынарным саставам не толькі раёна, але і з прыцягненнем свяціл Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, шукаць вірус — крыніцу інфекцыйнага захворвання.  У грамадскім жа сектары прычыны паморку пагалоўя даволі празаічныя: адсутнасць радзільных боксаў, кармленне цельных кароў і першацёлак пераважна сіласам, неатрыманне ў першыя гадзіны нараджэння малодзіва, антысанітарныя ўмовы ўтрымання маладняку, дрэнная прафілактычная і лячэбная работа і, нарэшце, нядбайнае стаўленне да сваіх прамых абавязкаў непасрэдных выканаўцаў, якія ў сваёй большасці па недасведчанасці не маюць прасцейшых навыкаў  догляду цялят. Нават пры выпайцы не прымяняюць сасковыя паілкі: акунуць галаву  цяляці ў вядро з малаком ці з заменнікам цэльнага прадукту і трымаюць яго. Бычок ці цялушка, каб не захлынуцца, спажываюць малако вялікімі глыткамі. Адсюль дрэнная пераварваемасць, згусткі ў страўніку і г.д.

 Час ад часу ў раёне ладзяцца тэарэтычна-практычныя семінары, дзе спецыялісты райсельгасхарчу імкнуцца штосьці даць працаўнікам фермаў. Аддача: у адно вуха ўляцела, з другога — вылецела.

 Тое ж самае назіраецца і ў малочнай жывёлагадоўлі. Летась за летне-пашавы перыяд надоена 17,7 тысячы тон малака, што складае 74 працэнты ад даведзенага задання. Не забяспечылі нават узровень 2009 года. Яшчэ ніжэйшы ён быў ва УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», КУСГП імя Гараўца, ААТ «Какоўчына». І толькі РУП «Дружбінец», ААТ «Сенненскі райаграсервіс», КУСГП «Полымя», ААТ «Бяленева», ААТ «Літусава» далі рост ад 1,5 да 7,5 працэнта.

 Меркавалася, што за пашавы перыяд надоім ад кожнай каровы па 2223 кілаграмы малака. На яве выйшла 1648 літраў. Гэта ж трэба было «ўмудрыцца» за пашавы сезон у КУСГП імя Гараўца атрымаць надой аж… 973 кілаграмы. Крыху больш за 1000 кілаграмаў ён склаў ва УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», ААТ «Какоўчына».

 Не гаворачы пра іншыя страты: ад недабору прадукцыі, ад недастаткова высокай яе якасці па сортнасці, тлустасці, іншых параметрах недабор грашовых сродкаў у грамадскіх касах толькі па прычыне нізкай таварнасці склаў 2421,2 мільёна рублёў. У тым ліку ў ААТ «Сенненскі райаграсервіс» — 377,5 млн рублёў, ААТ «Літусава» — 207,2 млн рублёў, «Сінягорскае» — 189,9, ва УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» — 143,3 млн рублёў.

 Якасць прадукцыі — чыста чалавечы фактар. Не здолелі забяспечыць патрэбны ўзровень вытворчасці — гэта адна справа, магчыма, і аб’ектыўная. А вось максімальную колькасць прадаць ад таго, што надаілі, нарасцілі — другая, і суб’ектыўная. Па малаку, напрыклад, дастаткова было скараціць расход яго на ўнутрыгаспадарчыя патрэбы, своечасова адняць цялят ад дойных кароў, больш шырока і граматна прымяніць для выпайкі цялят ЗЦМ — і поспех забяспечаны.

 На сорт малака ўплывае  наяўнасць саматычных клетак у ім — чым клетак менш, тым вышэй сорт малака. А саматычныя клеткі — гэта рэакцыя арганізма каровы на інфекцыйнае захворванне мастыт, якім каровы заражаюцца  пры антысанітарных умовах утрымання, прастудзе, непаўнацэнным кармленні, парушэнні тэхналогіі даення. Усё гэта звязана з культурай вытворчасці, дысцыплінай, прафесіяналізмам работнікаў… І зноў тут мы сустракаемся з чалавечым фактарам, дзе ўзяць работніка фермы, які б перажываў за калгаснае, кааператыўнае, цяпер ААТ, як за сваё?

 Прымаючы на работу трактарыста, муляра, тынкоўшчыка, маляра, словам, чалавека, звязанага з жалезам, цэглай, цэментам, фарбамі, мы цікавімся «корачкамі», нейкім дакументам аб яго прафесійнай прыналежнасці. А даярку? Ідзі працуй! Справішся. Між тым, жывёлавод мае справу з жывым арганізмам. Таму мінімумам ведаў па анатоміі, фізіялогіі жывёлы ён павінен  валодаць. У краіне ёсць адзінкі  ПТВ, дзе можна атрымаць спецыяльнасць аператара машыннага даення кароў. А ці накіроўваем мы туды моладзь? Ці з’яўляецца гэта спецыяльнасць запатрабаванай у маладых людзей? Гэта толькі ў газетных артыкулах можна прачытаць, што дзяўчына са школьнай парты марыла стаць даяркай. На самой справе ў даяркі ідуць, выбачайце мяне за гэтыя словы, няўдачнікі, якія не прыжыліся на гарадскім асфальце, або жанчыны, звязаўшыя свой лёс з сельскім механізатарам, шафёрам і г.д. У даяркі нават пры цяперашнім узроўні механізацыі і аўтаматызацыі па-ранейшаму застаецца самы напружаны і працяглы рабочы дзень: трэба рана ўстаць, позна легчы. І пры гэтым невысокім застаецца заробак, бо ён знаходзіцца ў прамой залежнасці ад  колькасці і якасці атрыманай прадукцыі. Чаго, на жаль, пакуль не стае сенненскім працаўнікам. Мы заўсёды імкнуліся браць валам, колькасцю пагалоўя, хаця ўсім вядома, што значна выгадней трымаць высокапрадуктыўную карову, чым тую, якая дае казіны надой, а кармоў з’ядае столькі, колькі і пяці-шасцітысячная беларуская рэкардыстка.

 Чаму, падкрэслю, «беларуская» рэкардыстка? Бо ў сусветнай практыцы яна была б кандыдаткай на выбракоўку. Напрыклад, у Ізраілі надой ад каровы — звыш 11 тысяч кілаграмаў. Праўда, там, акрамя паўнацэннага кармлення, каровы прымаюць душ, а  потым абсыхаюць пад вентылятарамі, каб ім не было горача. У нас жа яны зімой ляжаць на цэментнай падлозе і паядаюць кіслы сілас, а мы чакаем ад іх шмат і якаснага малака.

 Узімку асноўным кормам для жвачных павінна быць сена, якое развучыліся рыхтаваць у раёне —нявыгадна. Нават летась, калі высушыць сена было справай двух дзён, большасць траў загналі ў траншэі.

 Бяда наша не ў колькасці кармоў, а ў іх беднай энерганасычанасці. Той жа кукурузны сілас па якасці ацэнены ад першакласнага да някласнага. Такі ж малюнак і па сенажу. А грошы ж за нарыхтоўку кармоў плацім нармальныя. Выдаткі нясём значныя, а аддачы жадаемай няма.

 Але бог з ёй, з той заграніцай. Нам  хаця б узровень вытворчасці РУП «Дружбінец» (гэта свой вопыт), і вытворчасць у 56 тысяч тон малака і 12 тысяч тон мяса (канец 90-ых гадоў мінулага стагоддзя) не здавалася б нейкай  астранамічнай і недасягальнай ліч­бай.

Запісаў Міхаіл Бялоў.