Святочны чэрвень Хлышчанкаў

Вольга Аляксееўна і Васіль Якаўлевіч Хлышчанкі, жыхары вёскі Оўсішча Беліцкага сельсавета, адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця. Павіншаваць юбіляраў і ўручыць падарункі ў гэты дзень да іх завіталі старшыня Беліцкага сельскага Савета Міхаіл Данілаў і дырэктар УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» Пётр Маслоўскі. Атмасферу сапраўднага вяселля дапамаглі стварыць загадчыца Рулёўшчынскага сельскага клуба Святлана Саўлевіч і загадчыца сельскай бібліятэкі Тамара Саўлевіч, у выкананні якіх прагучалі добрыя беларускія песні.

 Вольга з сяброўкамі вярталася з чарніц. Васіль, запрыкмеціўшы сіманаўскіх дзяўчат, напрасіўся дапамагчы паднесці кошыкі. Слова за слова, так і давёў да вёскі. Сённяшнія юбіляры тады нават і не падумалі, што прасёлачная дарога стане для іх лёсавызначальнай.   

 Тры гады Васіль Якаўлевіч упарта дабіваўся пачуць ад Вольгі Аляксееўны доўгачаканае «так». Дзяўчына ж не спяшалася — хварэла маці. А скончыўшы 7 класаў, пайшла даіць кароў, каб хоць нейкім чынам зарабляць на жыццё. Заставацца ў вёсцы не планавала. Прыбавіўшы сабе на год узрост, запісалася на будоўлю ў Віцебск. Не шукай лепшай долі, аднойчы сказала яе маці, выходзь за Васіля, хлопец ён добры. «Маеце дачку — трымайце гарэлку ў гаршку,  аднойчы заявіў мой кавалер маці, — успамінае Вольга Аляксееўна. — Тут яна і пачала рыхтавацца да сватоў».

 Вяселле было вялікае. На 10 падводах 50 чалавек прыехалі за маладой. З боку нявесты таксама было не менш людзей. Гулялі тады не адзін дзень…

 Усё жыццё жанчына адпрацавала на ферме даяркай, Васіль Якаўлевіч рупіўся на палявых работах. Вырасцілі добрых дзяцей, далі ім магчымасць атрымаць адукацыю. Усе яны даўно ўжо абзавяліся сем’ямі. Малодшая Алена — у Жодзіне, Ала жыве ў суседняй Рулёўшчыне, а Іна са сваёй сям’ёй — з бацькамі, якіх радуе, што дочкі збіраюцца разам у роднай хаце не толькі ў святочныя дні.

 падрастаюць унукі. Самай маленькай, Волечцы, пяць гадкоў. За дабрыню, за бабулін клопат дзяўчынка ласкава называе яе «мамулечка».

 У жыцці Хлышчанкаў чэрвень — адметны месяц. Адразу тры святочныя даты прыпадаюць на яго: дзень вяселля, дзень народзінаў Вольгі Аляксееўны і дачушкі Іны. А сёлета і таго больш падзей. Унук Вася закончыў 11 класаў, Ваня ў хуткім часе атрымае правы трактарыста, а Слава без некалькіх дзён — аграном.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.

 На ЗДЫМКУ: Вольга Аляксееўна і Васіль Якаўлевіч разам з унучкай   Волечкай. 

 

P.S. Цалкам матэрыял чытайце ў «Голасе Сенненшчыны» №48 за 19 чэрвеня 2012 года