Сенненскіх школьнікаў сабраў турзлёт
Штогод у пачатку чэрвеня раённы турыстычны злёт школьнікаў збірае навучэнцаў са школ раёна.
Сёлета аматары турызму сабраліся паблізу вёскі Навасёлкі, каб паспаборнічаць не толькі ў турыстычна-прыкладным мнагаборстве і спартыўным арыентаванні, але і ў вядзенні турысцкага быту, афармленні газет, прадстаўленні каманды, ацаніць свае сілы ў краязнаўстве.
На турзлёт прыехалі 140 дзяўчынак і хлопчыкаў з дванаццаці ўстаноў адукацыі раёна.
Тры дні спаборніцтваў праляцелі як адно імгненне. Нават капрызнае надвор’е не зламіла бадзёры дух і імкненне да перамогі юных турыстаў. Саперніцтва праходзіла ў двух узроставых групах. У сярэдняй групе першае месца занялі бывалыя турысты з Багданаўскай школы. Другое месца — у рабят з СШ №1 г.Сянно, трэцяе — за навучэнцамі Какоўчынскай школы. У старэйшай групе першае месца заваявала каманда Беліцкай школы (адстойвала гонар раёна на абластным турысцкім злёце). Другое месца — у каманды Яноўскай школы, трэцяе — Сенненскай школы-інтэрнат.
Дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства аказалі ўстанова аховы здароўя «Сенненская ЦРБ» і Машканскае лясніцтва ДЛГУ «Віцебскі лясгас».
Ірына ГРАБНЁВА,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета
аддзела адукацыі райвыканкама.