Як павысіць нараджальнасць на Сенненшчыне? Дэпутаты чакаюць прапаноў ад сенненцаў

29 чэрвеня гэтага года мае адбыцца сесія Сенненскага  раённага Савета дэпутатаў, на якой мяркуецца разгледзець дэмаграфічную сітуацыю ў раёне і меры па яе стабілізацыі. Адзначаная праблема стаіць даволі востра: колькасць насельніцтва ў рэгіёне пастаянна змяншаецца. Дастаткова сказаць, што некалі ў агульнаадукацыйных школах Сенненскага раёна навучалася звыш пяці тысяч дзяцей, сёння — практычна ў два разы менш.

Для падрыхтоўкі пытання да разгляду на сесіі ўтворана рабочая група, у састаў якой уключаны прадстаўнікі розных раённых службаў, арганізацый, устаноў, якія ў той ці іншай ступені звязаны з праблемамі дэмаграфіі. Ім прапанавана вывучыць і прааналізаваць прычыны, што вядуць да пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі, правесці сацыялагічныя апытанні з тым, каб ведаць грамадскую думку на гэты конт, зрабіць вывады, а галоўнае выпрацаваць меры для выпраўлення становішча.

 Пажадана, каб свае думкі і прапановы яшчэ да прыняцця нейкага канкрэтнага рашэння сесіяй, выказалі дэпутаты Саветаў пярвічнага ўзроўню, прадстаўнікі грамадскасці. Канструктыўныя прапановы дапамогуць дэпутатам райсавета выпрацаваць канкрэтны і дзейсны дакумент, накіраваны на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне. Пісьмовыя  прапановы можна накіроўваць на адрас раённага Савета дэпутатаў, рэдакцыі раённай газеты «Голас Сенненшчыны», а таксама перадаваць вусна па тэлефонах: 4-24-48, 4-12-57.