Старшыня Сенненскага райвыканкама Віктар Цапота: “Парушэнне тэхналогіі – гэта злачынства!”

Упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама правяло семінар, дзе былі абмеркаваны некаторыя пытанні, якія маюць дачыненне да тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў, праблем, што праявіліся на першым этапе важнай вытворчай кампаніі. На вучобу ў ААТ «Студзёнка» былі запрошаны кіраўнікі  і галоўныя інжынеры, аграномы, за­атэхнікі, ветэрынары гаспадарак, спецыялісты раённых служб. Удзел у рабоце семінара прыняў старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Цапота.

Галоўнае — якасць

Звяртаючыся да прысутных ён зазначыў, што ў апошнія гады сельгасарганізацыі раёна нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці кармоў. Але разам з тым аўтаматычна не расце вытворчасць малака і мяса, што сведчыць пра нізкую якасць і энергетычную каштоўнасць кармоў. Больш таго, гэта прывяло да павышэння сабекошту прадукцыі жывёлагадоўлі.

  — У гэтым плане ААТ «Сту­дзёнка» выгадна вылучаецца сярод іншых сельгасарганізацый раёна. Тут наро­шчваюць аб’ёмы вытворчасці малака і мяса, маючы невялікі запас травяністых кармоў. Летась на стойлавы перыяд утрымання жывёлы нарыхтавалі па 25 цэнтнераў кармавых адзі­нак. Названыя факты сведчаць, што ў гаспадарцы захоўваюць тэхналогію пры нарыхтоўцы і закладцы кармоў, ашчадна іх выкарыстоўваюць, — выказаўся Віктар Цапота.

Дапаможа сістэма кантролю

 СтаршыняСена з ранніх злакавых траў у раёне нарыхтавалі пакуль няшмат, з больш позніх рыхтаваць замінаюць умовы надвор’я. Галоўная задача, якая ставіцца перад корманарыхтоўшчакамі на гэтым этапе ўборкі траў, — рыхтаваць якасны сянаж. Па пажыўных рэчываў, энергетычнай каштоўнасці ён ніколькі не ўступае сену. Таму першы ўрок удзельнікі семінара атрымалі ля сянажнай ямы фермы «Івоні». Як рыхтаваць ёмістасці для прыёму зялёнай масы расказаў галоўны ўрач раёна Алег Хадорык. Сярод іншых нюансаў закладкі сенажу — арганізацыя пастаяннага кантролю за тэмпературным рэжымам масы, што закладваецца ў траншэю. У гаспадарках для гэтага маюцца тэрмометры, вільгацямеры. Кантроль павінен весціся кругласутачна, у тым ліку за трамбоўкай «зялёнкі».

 — На пяты дзень сянажная яма павінна быць закрыта так, каб выключыць доступ кіслароду, — удакладніў патрабаванні Леанід Хірэвіч, начальнік райсельгасхарчу. — У такіх умовах бактэрыі спыняць размнажэнне. Але яны будуць жыць, калі ў корм занесена глеба. Каб выключыць яе пападанне, пад’езды да сянажнай ямы павінны ўсцілацца саломай.

 Гэтыя і іншыя тэхналагічныя патрабаванні па закладцы сенажу не новыя. Праблема ў тым, што яны незаўжды выконваюцца ці выконваюцца недакладна. Каб сёлета падобных фактаў не было, у раёне створана сістэма кантролю, якую забяспечыць рухомыя групы з ліку спецыяліс­таў райветстанцыі і райсельгасхарчу. Яны будуць працаваць і днём і ноччу.

 — Парушэнне тэхналагічных патрабаванняў — гэта злачынства. І адказваць за яго давядзецца ў адпаведнасці з законам, — яшчэ больш жорстка выказаўся старшыня райвыканкама.

Травы, травы…

 Наступным этапам работы семінара стаў выезд на сенажаць. У ААТ «Студзёнка» сянаж рыхтавалі з травастою, аснову якога складалі канюшына ў сумясі з цімафееўкай.

 Удзельнікі семінара аглядзелі травы, якія культывіруюцца на палях гаспадарак.

  Тлумачэнні па падрыхтоўцы кормаўборачнай тэхнікі да сенакосу, яе рэгуліроўцы ўдзельнікам семінару даваў галоўны інжынер ААТ «Студзёнка» Аляксандр Няфёдаў. Уладзімір Прыстаўка, галоўны спецыяліст райсельгасхарчу, заклікаў калег і кіраўнікоў гаспадарак неадкладна пачынаць рамонт зернеўборачных камбайнаў, сушыльных комлексаў, каб не спазніцца з пачаткам жніва.

 На семінары размова  таксама ішла  аб аплаце і ахове працы, уліку кармоў, пажарнай бяспецы.

Аляксандр Яўгенаў.

НА ЗДЫМКАХ:  тлумачэнні дае Аляксандр Няфедаў; Антаніна Сунцеева — такая вось галега.