Прыёмныя сем’і Сенненшчыны прынялі ўдзел у фотаконкурсе

 Удзел у незвычайным фотаконкурсе «Утульны дом і шчасце ў ім», абвешчаным СПЦ, прынялі 37 прыёмных сем’яў Сенненшчыны, якія даслалі ў сацыяльную ўстанову больш за 70 фотаработ. Усе здымкі былі размеркаваны па намінацыях: «Партрэт», «Справы сямейныя», «Які цудоўны гэты свет!», «Вольная тэма». Выбар лепшых пакінулі на суд гледачоў.

 З гэтай нагоды ў СПЦ прайшоў сход клуба прыёмных бацькоў. На яго завіталі васямнаццаць сем’яў: мамы і, што асабліва прыемна, таты разам са сваімі прыёмнымі сыночкамі і дачушкамі. У ліку гасцей прысутнічалі прадстаўнікі сектара аховы дзяцінства раённага аддзела адукацыі — галоўны спецыяліст Святлана Рубанава і метадыст Ганна Несцярэнка.

 Супрацоўнікі цэнтра падрыхтавалі забаўляльную праграму. Паўдзельнічаць у вясёлых конкурсах і гульнях давялося і дзеткам, іх бацькам.

 Напрыканцы, удзельнікі клуба выказалі сваю прыхільнасць да конкурсных работ. Прызы глядацкіх сімпатый атрымалі Віка Красноўская і Алеся Лазарэнка з сям’і Калбянок, Вова Мацецкі з сям’і Жвікавых, Саша Маржэўская з сям’і Адасюк, Дзіма і Саша Мацюшавы з сям’і Ізотавых.

 Шаснаццаць сем’яў, у тым ліку і юныя фотааматары, за ўдзел у фотаконкурсе ўзнагароджаны дыпломамі раённага аддзела адукацыі.

 Ужо сёння арганізатары конкурсу кажуць пра мэтазгоднасць правядзення вялікай фотавыставы ў гісторыка-краязнаўчым музеі.

Вольга Бандарэвіч.

На здымках: дыплом урачае С.Рубанава;  «каралі» для прыёмнай мамы.