Пенсіянер з вёскі Рулёўшчына Сенненскага раёна ўстроіў крывавую разню ў доме знаёмага

У вёсцы Старая Беліца адбылася страшная трагедыя. Жыхар  Рулёўшчыны, пенсіянер, захапіў у заложнікі  сям’ю, нанёс некалькі нажавых раненняў гаспадару дома, забіў яго дачку. Матывы злачынства застаюцца не высветлеными. Вядома дакладна, што забойца быў цвярозым, раней  канфліктаў з пацярпелымі не меў.

… 4 чэрвеня, прыкладна ў 21.50, мужчына ўварваўся ў дом, у якім на той момант знаходзіліся гаспадар, дзве яго дачкі і сын (усіх гэтых людзей ён ведаў толькі наглядна), і запатрабаваў вызваць кіраўніцтва міліцыі і пракуратуры, арганізаваць сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады. Патрабаванне ўзбуджанага чалавека было выканана. У міліцыю патэлефанавала малодшая дачка гаспадара дома. Астатнім насельнікам дома, акрамя гаспадара, таксама ўдалося пакінуць памяшканне. Аднак неўзабаве старэйшая дачка вырашыла вярнуцца ў дом, каб узяць адзенне для малодшай. І ўжо адтуль не выйшла, бо злачынца прыняў рашэнне выкарыстоўваць бацьку і дачку ў якасці заложнікаў.

 У Старую Беліцу прыехалі пракурор раёна, кіраўніцтва РАУС, аддзела Следчага камітэта. Перамовы вяліся не адну гадзіну, у іх удзельнічалі, у тым ліку, родныя чалавека, які ўтрымліваў заложні­каў, але безвынікова — канкрэтныя патрабаванні не выстаўляліся.

 У рэшце рэшт гаспадару дома, у якога былі зламаны пальцы, меліся шматлікія раненні, удалося вырвацца на волю. Але у доме заставалася заложніца. Па словах часова выконваючага абавязкі начальніка Сенненскага ад­дзела Следчага камітэта Аляксандра Мізаўцова, штурмаваць дом не рашаліся, бо злачынца пагражаў дзяўчыне забойствам, трымаў яе ўвесь час каля сябе.

 Калі ж  раніцай 5 чэрвеня байцы палка спецыяльнага назначэння ўварваліся ў памяшканне, пенсіянер сядзеў у крэсле. Цела мёртвай дзяўчыны знайшлі на печы.

 У адносіне да затрыманага ўзбуджана крымінальная справа згодна з ч.2 арт.139 Крымінальнага  кодэкса  Рэспублікі Беларусь. За забойства яму пагражае тэрмін утрымання ў турме ад 5 да 18 гадоў або пажыццёва.