Гніюць грошы ў траншэях

Сабекошт прадукцыі жывёлагадоўлі ў калектыўных сельскагаспадарчых арганізацыях, па-ранейшаму, застаецца высокім. Львіная доля затрат на вытворчасць кілаграма малака  і мяса прыпадае на кармы. Іх расход на адзінку прадукцыі ў некаторых гаспадарках перавышае навукова-абгрунтаваныя нормы ў разы.

 — Прычынай параўнальна нізкай прадуктыўнасці жывёлы, — разважае галоўны ветэрынарны ўрач раёна Алег Хадорык, — таксама з’яўляюцца кармы. Быў час, калі іх вазілі з усёй Беларусі і бліжэйшага замежжа. Цяпер бяда не ў колькасці, а ў іх якасці. За апошнія, скажам, дзесяць гадоў у тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў практычна  нічога не змянілася. Суб’екты гаспадарання не могуць захаваць лепшыя тэрміны сенакашэння, закладка сенажу, сіласу вядзецца з грубымі парушэннямі тэхналагічных параметраў, у  сена з травы, скошанай уранні,  энергетычная каштоўнасць будзе значна вышэйшай, чым у таго, што рыхтавалася з масы, скошанай апоў­дзень. Нельга атрымаць добрае сена і з перастаялай травы. Павінен быць і пэўны набор траў (злакавыя, бабовыя), каб корм нагадваў нейкі «чайны збор». Тады  будзе ён і паядацца і засвойвацца.

 Хто павярнуўся ў гэтым плане, каб мець такі корм? ААТ «Сенненскі райаграсервіс» на канец мая меў 100 тон сена і ААТ «Студзёнка» — 22 тоны. У астатніх гаспадарках — па нулях, хаця скошана ў цэлым па раёне было амаль 400 гектараў. Сенажу і сіласу на 31 мая таксама не закладзена ні тоны. Дзе скошаная маса? Высушваецца на сена? Аднак калі тыднямі яе сушыць, то якаснага сухога корму таксама не атрымаеш. Сонца і ападкі зробяць сваю справу: маса будзе, а якаснага энергетычнага корму — не.

 Час прыспешвае. А ў ААТ «Ульянавічы», «Сінягорскае», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава»нават не падрыхтаваны траншэі для кансервавання сенажу і сіласу, хаця зрабіць гэта трэба было тыдні два назад, а за  тры дні да прыёму масы ўсе ёмістасці павінны быць прадэзінфіцыраваны і пабелены. Стрымлівае нарыхтоўку кармоў сёлета і няспраўная тэхніка.

 Але адна справа нарыхтаваць кармы ў поўным аб’ёме і зусім другая —  эфектыўна іх выкарыстоўваць, працягвае Алег Хадорык. З мінулай зімоўкі ў гаспадарках раёна засталося 18 траншэй сенажу і сіласу не пачатых (закрытых). З 17  — корм выкарыстоўваўся ў розных аб’ёмах. А ёсць яшчэ корм у буртах, які таксама пачалі скармлі­ваць жывёле.

 Сянаж, сілас з траншэй, дзе засталася невялікая колькасць кармоў, лепш як мага хутчэй  скарміць жывёле. Тыя, дзе ў наяўнасці фуражу яшчэ 400-500 тон, але яны ўжо раскрыты, трэба закансерваваць, каб не дапусціць далейшага псавання.

 Вось некаторныя факты безгаспадарчасці. ААТ «Пурплева», вёска Рай, траншэя №1, абліцаваная каменнем. Рэшткі сенажу (каля 80 тон) не выбіраюцца. Плёнка парваная, зверху на корме — гніль. У вёсцы Барок сянажны бурт адкрыты, корм выкарыстаны прыкладна на  трэць і больш не скармліваецца. Бурт трэба кансерваваць, але на дзень праверкі зроблена гэтак не было. Такую ж аперацыю варта правесці і з буртам кукурузнага сіласу (400 тон) у вёсцы Алексінічы. У гэтым жа населеным пункце сянажны бурт прагніў на глыбіню каля метра.

 Ва ўнітарным прадпрыемстве «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» на комплексе вёскі Полымя  кансервавалі траншэю сіласу зямлёй, якую сыпалі на корм без папярэдняга ўкрыцця яго плёнкай.

 Аналагічныя факты безгаспадарчасці выяўлены ў ААТ «Кругляны», «Белая Ліпа» і некаторых іншых гаспадарках. Размова ідзе аб сотнях тон кармоў, а дзе рэшткі складаюць 20-30 тон, аб іх   кіраўнікі не хочуць нават гаварыць. А  такіх сховішчаў шмат і колькасць сапсаваных (згноеных ) кармоў складае ўжо не  дзясяткі, а  тысячы тон. Між тым за ўсе гэтыя «кармы» ўплачана заработная плата, на іх спісаны гаруча-змазачныя матэрыялы, усе затраты аднесены на сабекошт жывёлагадоўчай прадукцыі. Вось толькі ні малака, ні мяса ад гэтага ні на грам не прыбавілася, а прадукцыя, што атрымана, узрасла ў цане.

 Для большасці правераных гаспадарак характэрным з’яўляецца беспарадак вакол траншэй, буртоў і іншых месцаў захавання кармоў: адходы незбуртаваны, наваколле засмечана, плёнкай і іншымі кансервуючымі матэрыяламі…

 Напярэдадні масавай касавіцы траў у Дубровенскім  раёне адбыўся абласны семінар. Наш раён называўся сярод тых, дзе мала клапоцяцца аб якасці кармоў і эфектыўным іх выкарыстанні.

 Што новага паказалі? Калі гэта можна лічыць новым — рулонную нарыхтоўку кармоў у плёнцы з прымяненнем прэсаў «Тарнада» і «Клас». Для Сенненскага раёна — навіна, для некаторых — пройдзены этап. Нам бы захаваць гадамі адпрацаваныя тэхналогіі, у тым ліку і выкарыстанне кансервантаў пры закладцы сенажу і сіласу ва ўмовах няўстойлівага надвор’я.  Між іншым, яшчэ не ўсе прыстасаванні па ўнясенні кансервантаў падрыхтаваны да работы.

 Энергетычная насычанасць кармоў — вось першачарговы клопат, колькасна, здаецца, мы ўжо навучыліся працаваць.

Міхаіл БЯЛОЎ.