Галоўны пажарны раёна: “… на Сенненшчыне трэба падумаць аб стварэнні спецыялізаванай брыгады пячнікоў…”

Праблема папярэджання пажараў і гібелі людзей на іх нядаўна разглядалася на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, дзе адзначаліся станоўчыя і адмоўныя моманты ў рабоце раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. З гэтай нагоды наш карэспандэнт сустрэўся з начальнікам РАНС Вячаславам Карасікавым і пацікавіўся сітуацыяй, што склалася ў раёне па адзначанай праблеме: Цалкам інтэрв’ю чытайце ў “ГС” №44 за 5 чэрвеня 2012 года.

— Вячаслаў Віктаравіч,  няўжо супрацьпажарная абстаноўка выйшла з-пад кантролю супрацоўнікаў вашай службы, што спатрэбілася ўмяшанне раённай улады?

 Абстаноўка — пад кантролем. Я б сказаў, яна нават палепшылася, чым была дзесяць гадоў назад. Колькасць пажараў і гібель людзей на іх скарацілася адпаведна на 37 і 17 працэнтаў супраць мінулага года. Але колькасць пацярпелых ад агню ў разліку на 100 тысяч жыхароў у раёне застаецца адной з самых высокіх у вобласці. Таму падстаў для самазаспакаення ні райвыканкаму, ні райсавету, ні нам, ні грамадскасці няма.

  — Сярод масы прычын узнікнення пажараў ці не маглі б вы выдзеліць галоўную?

 — Пажары і гібель людзей на іх не звязаны з якімі -небудзь няспраўнасцямі, а адбываюцца з-за абыякавых адносін грамадзян да бяспекі, і ў першую чаргу, уласнай бяспекі.

 П’янства застаецца асноўным спадарожнікам узнікнення пажараў, а ў гібелі людзей — вызначальнай прычынай. Сёлета па віне асоб, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, адбылося восем з сямнаццаці пажараў. З пяці загінуўшых, усе знаходзіліся «пад градусам».

 З мэтай папярэджвання  пажараў і гібелі людзей на іх летась у жыллёвым сектары за кошт сродкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў устаноўлена 182 аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі (АПА). Злучаны ў адзіную сетку з суседзямі АПА у 32 домаўладаннях. У жыллі 10  шматдзетных сем’яў зроблены вывад сігнала на светагуковае ўстройства (СГУ).

  — Аўтаномны пажарны апавяшчальнік панацэя ад усіх бед?

  — Безумоўна, не! Трывогу выклікае рамонт ацяпляльных печаў і электраправодкі. Касметычны рамонт печаў выконваюць работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльняга аслугоўвання насельніцтва, але, на маю думку, у раёне трэба падумаць і аб стварэнні спецыялізаванай брыгады пры руп ЖКГ ці нейкай будаўнічай арганізацыі, якая б па прымальных цэнах выконвала  заказы насельніцтва. Пакуль падобная паслуга аказана адзінкам грамадзян.

Важнай часткай папярэджання пажараў і іх эфектыўнага тушэння з’яўляецца забяспечанасць населеных пунктаў і прадпрыемстваў розных форм уласнасці супрацьпажарным водазабеспячэннем. Не кожны пажар можна ліквідаваць за пяць хвілін (на такі час хапае запасу  вады ў пажарнай машыне). У многіх гаспадарках наяўныя пажарныя вадаёмы не ачышчаны і не паглыблены, некаторыя з іх практычна не маюць запасу вады, не абсталяваны пад’езды да штучных і натуральных крыніц пажаратушэння. Нярэдка яны не пазначаны ўказальнікамі.

Міхаіл БЯЛОЎ