Старшыня Сенненскага выканкама Віктар Цапота сустрэўся з насельніцтвам Студзёнкаўскага сельсавета

Разам з кіраўніком раённай выканаўчай улады ўдзел у размове бралі старшыня райсавета Міхаіл Вілюга, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Ігар Мізаўцоў, старшыня рай­спажыўтаварыства Аляксандр Пуцята, дырэктар РУП ЖКГ Аляксандр Зеляня, Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама. Мясцовае насельніцтва прадстаўлялі старэйшыны вёсак, прадстаўнікі працоўных калектываў арганізацый, прадпрыемстваў.

Найбольш праблем у сістэме гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання. У прыватнасці, апошнім часам закрыты магазі­ны ў такіх населеных пунктах як Пустынкі, Новае Сяло. «Не разумею, навошта трэба было гэта рабіць, калі гандлёвыя кропкі мелі даволі высокі тавараабарот, выконвалі планавыя заданні», — не хаваў здзіўлення Васіль Бараноўскі. Тым больш, што гандаль праз аўталаўкі мае шэраг недахопаў: культура абслугоўвання, асартымент выклікаюць прэтэнзіі з боку насельніцтва.

«Закрыццё магазінаў не на карысць і для райспажыўтаварыства», — упэўнены Аляксандр Пуцята, дырэктар гандлёвай арганізацыі. Ён прывёў такі прыклад: «У Алексінічах, пасля таго як аднавіў работу магазін, за першыя пяць дзён, тавараабарот склаў 25 мільёнаў рублёў». Кіраўнік райспажыўтаварыства паабяцаў, што работа аўтамагазінаў бу­дзе ўзята на больш жорсткі кантроль, а ў Новым Сяле, Пустынках гандлёвыя кропкі адновяць работу.

Віктар Цапота лічыць, што сельскія магазіны павінны больш мэтанакіравана працаваць над фарміраваннем заказаў для жыхароў вёскі, займацца закупам лішкаў сельгаспрадукцыі, дапамагаць у забеспячэнні жывёлы вяскоўцаў кармамі.

Не хапае ў Студзёнкаўскім сельсавеце і медработнікаў ФАПаў. Маладыя спецыялісты хутка з’явяцца, але на які час? Усе размеркаваныя сёлета ў раён — жыхары Віцебска. Такія тлумачэнні даў Ігар Мізаўцоў, галоўны ўрач ЦРБ.

Размова ішла таксама пра работу іншых устаноў сацыяльнай сферы: клубаў, бібліятэк, паштовых аддзяленняў сувязі. Вялікіх нараканняў на іх работу ў насельніцтва няма. А вось стан дарог вяскоўцаў не задавальняе. Не хапае пашаў для кароў, якія ўтрымліваюцца на ўласных падворках. Адна з жыхарак Студзёнкі, што жыве ў двухпавярховым доме, які знаходзіцца на балансе РУП ЖКГ, у  роспачы паведаміла, што ў час дажджоў яе кватэру залівае вадой, бо працякае дах.

Па ўсіх праблемах Віктар Цапота даў даручэнні адказным асобам. Заключным акордам сустрэчы з насельніцтвам  стаў  прыём па асабістых пытаннях, які правёў старшыня райвыканкама.

Аляксандр ЛАЗЮК.

Падрабязнасці чытайце ў “Голас Сенненшчыны” №39, 19 мая 2012г.