Заўтра — Дзень чыгуначніка. Тут сустракаюць і праводзяць паязды!

Чыгуначная станцыя Багушэўская  — не самая буйная ў Віцебскім аддзяленні Беларускай чыгункі. Тым не менш за чэрвень  яе каса прадала 14915 білетаў: 13415 — на прыгарадныя цягнікі, 1500 — на пасажырскія. Не зніжаецца пасажырапаток і ў ліпені. Па стану на 22.07 прыгараднымі цягнікамі карысталіся 10959 пасажыраў, пасажырскімі — 1280, загружана 50 грузавых вагонаў пры месячным плане 73. Праз станцыю за суткі праходзіць  30 пар паяздоў. У тым ліку 22-23 — пасажырскіх.

 — У летні перыяд інтэн­сіў­наць руху паяздоў праз станцыю павялічваецца, з’яўляюцца дадатковыя, пераважна хуткія. Сёння са станцыі Багушэўская можна дабрацца без перасадак у любы абласны цэнтр Беларусі, у буйнейшыя эканамічныя цэнтры Расіі, Украіны, — расказвае начальнік станцыі Наталля Іванова.

 У гэты немаленькі аб’ём  работы  свой уклад робіць кожны работнік чыгуначнай станцыі.  Тут працуюць пяць дзяжурных, шэсць білетных касіраў, два прыёмаздатчыкі грузаў і багажу, тэхнічны персанал — усяго 16 чалавек. Чыгуначнікі выконваюць сваю работу сумленна і прафесійна.  Чыгунка была і застаецца асаблівай арганізацыяй з даволі жорсткай працоўнай дысцыплінай, дбайным падыходам да адбору кандыдатаў на любую пасаду. Калі чыгуначнікі бяруцца за справу, то робяць яе  грунтоўна, на доўгія гады.

 — Нядаўна аўтамабілісты раёна атрымалі цудоўны падарунак. Завершаны рамонтныя работы на пераездзе, дарэчы, буйнейшым на ўсёй Віцебскай дыстанцыі пуцей. Вялі іх на працягу амаль двух месяцаў тры брыгады чыгуначных рабочых пад кіраўніц­твам майстра Віцебскай дыстанцыі пуцей  Сяргея Міронава. Пераезд для руху аўтамабіляў не закры­валі, што  нярэдка стварала праблемы як для рамонтнікаў, так і аўтамабілі­стаў. Тым больш прыемна, што якасць работ ад гэтага не пацярпела. І гэта не мая ацэнка. Так лічаць ва­дзі­целі аўтамабіляў, — з задавальненнем  канстатуе Наталля Іванова.

 У рыштаваннях — чыгуначны вакзал.  Пакуль што будаўнікі завяршаюць аддзелачныя работы ўнутры. Змены  закрануць таксама знешнюю аздобу будынка. А галоўнае — вакзал стане больш камфортным для пасажыраў і чыгуначнікаў. Ужо сёння пасажыр можа ўзяць у касе  вакзала станцыі Багушэўская білет для паездкі з любога пункта краіны, у любым накірунку, скажам, з Оршы ў Магілёў, з Мінска ў Маскву.

 Шмат добрых слоў Наталля Іванова  выказвае ў адрас сваіх работнікаў.

 — Пасажыр, які едзе ў цягніку, знаходзіцца на станцыі, абавязкова звяртае ўвагу на тое, як работнік чыгункі выходзіць сустракаць ці праводзіць поезд. Гэтыя абавязкі ўскладзены на дзяжурнага па станцыі. Сёння  ў гэтай якасці  выступае Юлія Каляда. І выконвае  яна не проста прыгожы рытуал. У абавязкі дзяжурнага ўваходзіць візуальны агляд саставу — раптам нешта сыплецца, дыміць.  Пры неабходнасці дзяжурны звязваецца з машыністам. Інфармацыя аб прыбыцці, адпраўленні  цягніка, пра бяспечныя паводзіны на чыгунцы — гэта таксама работа дзяжурнага па станцыі.

 Пераважная большасць чыгуначнікаў станцыі Багушэўская — жыхары  гарпасёлка і бліжэйшых вёсак. Так што чыгунка  сенненцаў не толькі выпраўляе ў вялікі свет, сустракае з далёкіх падарожжаў. Чыгунка дае працу, чыгунка корміць.

Аляксандр Лазюк.

Юлія Каляда — дзяжурны па станцыі Багушэўская;  начальнік станцыі Наталля Іванова, прыёмаздатчык грузаў і багажу Вольга Шарова, дарэчы, абедзве — жыхаркі  Багушэўска.

 На здымках: