Сенненец стаў лепшым дружыннікам Віцебшчыны

У рамках рэспубліканскай акцыі «Разам за бяспеку і правапарадак» на Сенненшчыне прайшоў шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку правапарушэнняў сярод моладзі. У ліку іх — наведванне ненадзейных сямей, праверкі ўстаноў гандлю на прадмет выяўлення фактаў продажу непаўналетнім цыгарэт і спіртных напояў. Актыў МААП (моладзевага атрада аховы правапарадку) разам з супрацоўнікамі міліцыі прыняў удзел у рэйдах па месцах масавага адпачынку моладзі. У Сянне, напрыклад, за гэты перыяд выяўлены тры выпадкі знаходжання непаўналетніх у барах, парках у начны час.

Закрыццё рэспубліканскай акцыі прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы ў Акадэміі МУС. Больш за сто самых актыўных удзельнікаў руху моладзевых атрадаў аховы правапарадку з усёй рэспублікі сталі ўладальнікамі рэкамендацый цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» для паступлення ў 2012 годзе ў Акадэмію Міністэрства Унутраных спраў, Магілёўскі вышэйшы каледж МУС, факультэт унутраных войск Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, а таксама для службы ў органах унутраных спраў і праходжання тэрміновай ваеннай службы ва ўнутраных войсках МУС.

Па пяцёра  дружыннікаў з кожнай вобласці  ўзнагароджаны знакам БРСМ «За поспехі ў ахове грамадскага правапарадку». У лік самых лепшых дружыннікаў з Віцебскай вобласці трапіў і баец моладзевага атрада правапарадку Сенненскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Антон Юроўскі, які атрымаў з рук першага сакратара цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Ігара Бузоўскага такі ганаровы знак.

Ірына ГАРБАЧОВА.