У ААТ «Пурплева» робяць стаўку на моладзь

Масавыя  палявыя работы сёлета запазніліся. А ў ААТ «Пурплева» пачалі сеяць і таго пазней — сказваюцца асаблівасці мясцовых земляў. Да таго ж на палеткі гаспадаркі ніколі не ступала нага меліяратараў. У выніку, на пачатак мая ў гаспадарцы было пасеяна менш за 100 гектараў яравых культур пры плане 1132 гектары.

 «Нават зараз ні адно поле не засеяна поўнасцю, — тлумачыць галоўны аграном акцыянернага таварыства Генадзь Лыскоўскі. — Сяўбу вядзём выбарачна. Гэтак жа як і падрыхтоўку глебы. Спачатку «падсушваем» з дапамогай чызеля ці культыватара, а потым ужо выкарыс­­т­о­ў­­ваем комплексныя шыроказахопныя агрэгаты.»

 Па гэтай жа прычыне сяўбу пачыналі адной сеялкай. Праўда, Lemken даверылі хоць маладому, але надзейнаму механізатару. Аляксей Кавалеўскі — патомны хлебароб. Яшчэ са школьных гадоў пад наглядам бацькі хлопец пачаў асвойваць сельскагаспадарчую тэхніку: трактары, зернеўборачныя камбайны розных мадыфікацый. Так што з сучаснымі іх варыянтамі Аляксей добра знаёмы. Зменную норму выконвае нават калі здараюцца паломкі тэхнікі, працуе ўвесь светлавы дзень.

 У ААТ «Пурплева» — даволі шмат маладых механізатараў. У прыватнасці, на тым жа полі, дзе вёў сяўбу Аляксей Кавалеўскі, знаходзіўся Віктар Кандрацьеў, дарэчы, малодшы брат пераможцы раённага конкурсу аратых. Віктар таксама мае пасведчанне трактарыста, некаторы час пасля заканчэння аграрнага каледжа працаваў па спецыяльнасці. Хлопец рыхтуецца да службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, таму замацаваную тэхніку перадаў іншаму механізатару. Але ад вясновых клопатаў ён не адышоў,  працягвае выконваць іншыя работы. У прыватнасці, разам з Мікалаем Ткачэнкам, вадзіцелем лясгаса, які прыкамандзіраваны да акцыянернага таварыства на перыяд правядзення палявых работ, ён заняты на падвозцы  насення ў поле.

 Тэмп палявых работ у «Пурплеве» ў бліжэйшы час можа быць паскораны. У гаспадарку завезлі спараныя колы для двух энерганасычаных трактароў. З’явілася магчымасць уключыць у работу шыроказахопны глебаапрацоўчы пасяўны агрэгат, іншую высокапрадукцыйную тэхніку, дабівацца высокай выпрацоўкі. Асабліва калі тэхніку выкарыстоўваць у дзве змены. Іншага выйсця няма. Разважанні аб тым, што назапашанай вільгаці сёлета хопіць да чэрвеня, беспадстаўныя. Веснавое сонца і тэмпература паветра ўсё вышэй.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

НА ЗДЫМКАХ: Аляксей Кавалеўскі — галоўны сейбіт ААТ «Пурплева»; Віктар Кандрацьеў і Мікалай Ткачэнка.