«Матрица» судьбы Александра Хотяшова

Сэрвіс, правайдэр, акаунт, навігацыя і іншыя сучасныя тэрміны мовы праграмістаў, якія просты карыстальнік інтэрнэта можа і не ведаць. Толькі не Аляксандр Хацяшоў, электрамеханік раённага вузла электрычнай сувязі. Ён разбіраецца ў гэтым як ніхто іншы.

Аляксандр Паўлавіч працуе ў  РВЭС з 2004 года. Пачынаў электраманцёрам. У 2007 годзе, калі пашырылася колькасць  карыстальнікаў камп’ютарамі, Інтэрнетам,  спатрэбіўся адпаведны спецыяліст. Тады Аляксандру Хацяшову і прапанавалі пайсці вучыцца ў Віцебскі каледж сувязі, каб, атрымаўшы пэўныя веды, ён мог займацца справамі электрамеханіка. Ён зга­дзіўся.

 Праца спецыяліста заключаецца ў забеспячэнні шырокапалоснага доступу да інтэрнэта, лічбавага тэлебачання, а таксама ў абслу­гоўванні і настройцы спецыяльнага абсталявання для іх.

 Каму-небудзь справа Аляксандра Паўлавіча можа паказацца сумнаватай — штодзённыя матрыцы лічбаў, праца з рознымі праграмамі, але толькі не яму самому. Мужчына даўно цікавіўся камп’ютарамі. З настальгіяй  успамінае свой першы ПК, які набыў, калі вярнуўся са службы ў арміі ў 1988 годзе. Тады яны яшчэ называліся праграміраванымі калькулятарамі. Простыя, але на той час, для моладзі яны былі вялікім адкрыццём. Да 2004 года ён памяняў  тры камп’ютары. Настолькі было цікава разбірацца ў праграміраванні, што спачатку, калі не было доступу да інтэрнэту, нават купляў спецыяльную літаратуру, расказвае мой субяседнік. Як паказаў час — яе вывучэнне спатрэбілася ў далейшым.

  Аляксандр Паўлавіч гатовы дапамагчы не толькі абанентам. Часта за кансультацыяй, парадай  да яго звяртаюцца і супрацоўнікі вузла сувязі.

 Нездарма за прафесіяналізм, неабыякавае стаўленне да працы сёлета партрэт Аляксандра Хацяшова змешчаны на раённай Дошцы гонару.    

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.