Эксклюзіўны “hand made” ад сенненскіх настаўнікаў
На базе Сенненскай школы-інтэрната і СШ №2 г.Сянно прайшла міжрэгіянальная сустрэча настаўнікаў працоўнага навучання і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Сенненскага і Бешанковіцкага раёнаў «Развіццё пазнавальных інтарэсаў, творчых здольнасцей вучняў у працэсе працоўнага навучання».
Педагогі наведалі сталярную і швейную майстэрні школы-інтэрната. Некаторыя з гасцей набылі швейныя вырабы выхаванак, належным чынам ацаніўшы якасць работы, адзначылі, што з задавальненнем будуць імі карыстацца.
Майстар-клас «Дэкупаж» для ўдзельнікаў сустрэчы правяла кіраўнік гуртка Наталля Карпека. Пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Святланы Даукшас прайшла дэманстрацыя мадэляў адзення.
Падрыхтаваліся да прыёму гасцей і ў СШ №2 г. Сянно. Выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Майстэрня настрою» ўражвала разнастайнасцю экспанатаў. Хараством і дасканаласцю вызначалася літаральна ўсё, ад апрацоўчай дошкі і самай маленькай шкатулкі да прыгожых карцін і настольнай лямпы, зробленай з лазовых прутоў.
Настаўнікі з суседняга раёна, таксама не навічкі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, па-сапраўднаму зацікавіліся многімі вырабамі. Толькі дасканала агледзеўшы ўсе экспанаты выставы, яны перайшлі да работы ў секцыях.
Цікава расказваў пра сваё захапленне — лозапляценне — настаўнік Ходцаўскай школы Сяргей Грунтоў. Усім, хто зацікавіўся гэтай справай майстар, паказаў азы лозапляцення, з якіх трэба пачынаць.
Майстар-клас настаўніка Сенненскай школы-інтэрната Аляксандра Аднарогага называўся «Майстэрня апрацоўкі бяросты». Работа з гэтым прыродным матэрыялам таксама выклікала непадробны інтарэс.
Вельмі даступным для дзяцей з’яўляецца пенаполістэрол. Як працаваць з гэтым матэрыялам расказаў і паказаў удзельнікам сустрэчы настаўнік СШ №1 г.Сянно Юрый Кучко.
Цікава прайшло пасяджэнне і настаўнікаў абслугоўваючай працы. Высветлілася, што гэтай жаночай справай гатовыя займацца і хлопчыкі. Асабліва падабаецца непаседам бісерапляценне. Аб’ёмная вышыўка, аплікацыі са скуры, папяровая філігрань, квілінг, бацік… Майстар-класы работы ў гэтых і іншых тэхніках правялі настаўніцы СШ №2 г.Сянно Таццяна Сірэнка, Марына Мацкевіч, Наталля Лазар, Вольга Шыдлоўская, Вольга Лісоўская, Вольга Красноўская.
Падвяла вынікі сустрэчы метадыст аддзела адукацыі Сенненскага райвыканкама Жанна Падалінская. Госці шчыра падзякавалі за мерапрыемства, адзначылі, што з некаторымі тэхнікамі, у якіх працуюць сенненскія настаўнікі, пазнаёміліся ўпершыню. Суседзі выказалі спадзяванне, што першая сустрэча стане пачаткам далейшых творчых стасункаў.
Таццяна Буракова