Наводку даў шабашнік

У ноч з 1 на 2 жніўня мінулага года з малочнатаварнай фермы Кругляны аднайменнага адкрытага акцыянернага таварыства знікла 12 цялят сярэдняй вагой прыкладна 30 кілаграмаў кожнай галавы.

 Аб гэтым паведаміў у РАУС дырэктар ААТ «Кругляны» Сяргей Гаранаў. У ходзе правядзення пошукава-следчай работы было ўстаноўлена, што вартаўнік на ферме ў злашчасную ноч адсутнічаў, да фермы быў свабодны доступ старонніх асоб, ні адны дзверы не мелі запорных замкоў і ахоўных прыстасаванняў. Колькасць украдзенай жывёлы ўражвала, і на гэтай падставе была зроблена выснова: зладзеі — не мясцовыя, дзейнічаў не адзін чалавек,  выкарыстоўваўся транспартны сродак. Усё гэта абцяжарвала пошукі.  Нягледзячы на пастаянныя пошукавыя мерапрыемствы «залётных» аматараў дармавой цяляціны па «гарачых» слядах, якіх было не вельмі шмат (тэрыторыя асфальтавана), выявіць не ўдалося. Пошукі зацягнуліся.

 Але з 1 студзеня гэтага года ў раёне пачаў працаваць раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь: справа атрымала новы штуршок. Спрабуючы даць адказ на пытанне: чаму і менавіта на МТФ Кругляны ўчынілі крадзеж? Супрацоўнікі аддзела Следчага камітэта звярнулі ўвагу на тое, што некалі на гэтай ферме шабашнічала будаўнічая брыгада, у саставе якой быў барысаўчанін з крымінальным мінулым. Далей высветлілася: злачынства ўчынілі жыхары горада Барысава, сярод якіх былы работнік МНС, другі — прадстаўнік прыватнага прадпрыемства; трое беспрацоўных, раней судзімых грамадзян.

 Наводчык-шабашнік дасканала валодаў абстаноўкай, схемай дарог, станам вартавой аховы і г.д. Таму ў стопрацэнтным поспеху ніхто не сумняваўся. Той ноччу злачынцы прыехалі на ферму на мікрааўтобусе, загрузілі цялят і «запылілі» спачатку па грунтавой дарозе,а  потым прыбавілі ходу па шашы. Падрасціўшы ўкрадзеных цялят, камбінатары рэалізавалі мяса на рынку. Аднак схаваць канцы ў ваду не ўдалося.

 Урон, нанесены гаспадарцы, па тых цэнах склаў 2 мільёны 300 тысяч рублёў. Улічваючы інфляцыйныя працэсы, быў зроблены пераразлік і аматары адбіўных вярнулі гаспадарцы 7 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, намаганнямі супрацоўнікаў аддзела Следчага камітэта накладзены арышт на маёмасць (аўтамабіль) зладзеяў коштам 32 мільёны рублёў. Але канфіскаваць яго ці не — гэта ўжо справа суда.

  Нядаўна раскрыты і другі выпадак крадзяжу жывёлы ў АПК. У прыватнасці, у сакавіку ў  ААТ «Пурплева» нячыстых на руку людзей, якія ўчынілі крадзеж, хутка вылічылі работнікі юстыцыі і вярнулі ўрон гаспадарцы ў суме 19 мільёнаў рублёў.

Расказ Дзмітрыя КУЧЫНСКАГА,

следчага Сенненскага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, маёра юстыцыі

запісаў Міхаіл БЯЛОЎ.