Сёлета ААТ «Сенненскі льнозавод» адзначыць сваё 80-годдзе

На жаль, прадпрыемства не мае свайго летапісу, дзе  можна было б знайсці цікавыя факты з яго гісторыі. Узгадаць былое згадзілася Ірына Касабуцкая, якая ўсё жыццё, пачынаючы з 1955 года і да выхаду на пенсію — 1993 года, адпрацавала на заводзе старшым эканамістам.

. Спачатку маленькі «завод» існаваў у Машчонах. Яго дырэктарам быў Сцяпан Круглянкоў. Новую гісторыю Сенненскі льнозавод пачаў у 1933 годзе, калі машчонскую мануфактуру закрылі, а працу па перапрацоўцы трасты перанеслі ў Сянно. Тут, па вуліцы Заводскай, 36, дзе і сёння знаходзіцца прадпрыемства, у далёкія 1930-я і адкрылася вытворчасць перапрацоўкі.

 Падчас Вялікай Айчыннай вайны завод быў знішчаны.

 У пасляваенны перыяд у Віцебскай вобласці працавалі 22 льнозаводы. Нараўне з Сенненскім ільнозаводам высокапрадукцыйным лічыўся і Багушэўскі.

 Працавалі заўсёды ў тры змены. За сезон нарыхтоўкі рабочыя апрацоўвалі па 8-9 тыс. тон трасты.

У 1959 годзе была пабудавана новая кантора. Дарэчы, у гэтым будынку, і сёння размешчана адміністрацыя прадпрыемства.

 Пасля колькі гадоў узначальваў завод Яўсей Самсонаў.

 «Мы заўсёды працавалі на прыбытак, — успамінае Ірына Гаўрылаўна. — Рэалізоўвалася валакно ў розныя рэспублікі Савецкага Саюза — Літву, Латвію, Эстонію, Расію і інш.

 У 1977 годзе раённая газета пісала: «За дасягненне высокіх вынікаў у вытворчасці і продажы дзяржаве льнопрадукцыі ў 1976 г. Калегія Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР і Прэзідыум ЦК праф­саюза работнікаў сель­скай гаспадаркі СССР прызналі пераможцам ва Усесаюзным спаборніцтве Сенненскі раён і прысудзілі пераходны Чырвоны Сцяг Савета Міністраў СССР і ВЦСПС з уручэннем грашовай прэміі 1 тыс. руб­лёў».

 Спецыялістаў з усяго Савецкага Саюза дасылалі ў наш раён. Так, пасля заканчэння Ташкенцкага механіка-тэхналагічнага інстытута галоўным інжынерам тут працавала Ірына Суйбанава, інжынерам — Валянціна Серабракова, Барыс і Ніна Борыны — маладая сям’я, якая прыехала ў горад пасля заканчэння Кастрамскога тэхналагічнага інстытута, і інш.

  У сярэдзіне 60-х гадоў дырэктарам прадпрыемства быў Аляксандр Раманоўскі.

 Пётр Духовіч узначальваў завод у 70-я гг. Пра час яго работы Ірына Гаўрылаўна ўспамінае з настальгіяй. У 1975 го­дзе Сенненскі льнозавод выпрацаваў амаль 1500 тон ільнавалакна. Да гэтага часу тут склаўся ста­більны працоўны калектыў. За высокія вытворчыя паказчыкі брыгадзір мяльна-трапальнага агрэгата Я.Вы­шынская і сартавальніца доўгага валакна В. Акуловіч былі ўдастоены ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга. Дарэчы, Валянціна Акуловіч і сёння працуе на заводзе.

 Мікалай Кучко — дырэктар завода ў канцы 70-х гг., Аркадзь Беляшоў — у пачатку 80-х гг., змяніў яго Анатоль Шэдзянкоў (1987-1998 гг.). Менавіта пад яго кіраўніцтвам на заводзе пабудавалі шохі, заасфальтавалі тэрыторыю.

 З 1998 па 2001 гг. кіраваў заводам Віктар Мурашкевіч, з 2002-2004 гг. — Мікалай Зеляня.

  У 2004 годзе на прадпрыемства прыйшоў новы дырэктар — Барыс Уласевіч, які і сёння ўзначальвае яго. Летась да Сенненскага льнозавода быў далучаны Багушэўскі льнозавод. Агульная пасяўная плошча складае 1050 гектараў. На заводзе рупяцца 140 чалавек. Былая слава — слаба грэе. Таму сёння трэба выходзіць на новыя рубяжы.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.

На здымку: (злева направа) верхні рад: У.Маклюк, інструктар па пажарнай бяспецы, В.Антонаў, бухгалтар, П.Барэйша, галоўны бухгалтар, А.Раманоўскі, дырэктар завода, В.Сільвановіч, галоўны механік, Д.Яцкевіч, загадчык па гаспадарчай частцы; ніжні рад: М.Круглянкова, старшы кантрольны майстар, І.Касабуцкая, эканаміст, А.Сільвановіч, касір, Л.Казакова, галоўны інжынер.

 Здымак зроблены ў 1967 годзе.

 

Поўнасцю матэрыял чытайце ў “Голасе Сенненшчыны” № 30, ад 17 красавіка 2012 года.