Мароз толькі загартаваў

Пасля красавіцкага снегу, які трымаўся на палях цэлы тыдзень, маразоў да мінус 7 градусаў пасевы азімых культур пацямнелі, можна нават падумаць — загінулі. Даследаванні, якія правялі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама на палетках шэрагу гаспадарак, паказалі — расліны жывыя. Больш таго, пачалася іх вегетацыя.

«На пясчаных, супясчаных глебах каранёвая сістэма больш развітая, на цяжкіх — расліны таксама крануліся ў рост. А таму самы час актыўна праводзіць азотныя падкормкі вадкімі і цвёрдымі ўгнаеннямі. У сілкаванні маюць патрэбу як пасевы азі­мых зерневых, так і травы, у першую чаргу тыя, што будуць выкарыстоўвацца як паша», — лічыць Антаніна Сунцеева, начальнік аддзела вытворчасці і збыту райсельгасхарчу.

Для правядзення неадкладных работ у гаспадарках ёсць неабходная тэхніка: трактары на спараных колах, раскідвальнікі цвёрдых мінеральных угнаенняў, прыстасаванні для ўнясення вадкіх. У ПП «Дружбінец», ААТ «Сенненскі райаграсервіс», ДП «Саўгас імя Машэрава» выкарыстоўваюцца агрэгаты на пнеўматычным хаду. У іншых гаспадарках працуюць арандаваныя машыны, якія дастаўлены ў раён з Мінскай вобласці. Аграрыям гатовы аказваць паслугі віцеб­скія авіятары. Іх верталёт ужо некалькі дзён вядзе пад­корм­ку азімых пасеваў у ДП «Саўгас імя машэрава».

 «Трэба весці ўсе работы, якія толькі магчыма, працаваць раніцай «па чарапку», выбарачна — на пагорках, пясках», — заклікае калег, аграномаў гаспадарак Антаніна Сунцеева пры сустрэчы. І ўсіх запрашае ў поле, бо тэхнолагам важна ўважліва сачыць за станам раслін.

  — Вільгаці на палях нямнога, аптымальныя тэрміны для падкормак, сяўбы сёлета будуць кароткія, — лічыць яна.

 А гэта азначае, што будучы ўраджай у значнай ступені залежыць ад стану тэхнікі, на падрыхтоўку якой сёлета прырода адвяла дастаткова часу, ад аргані­зацыі працы. Адным словам, ад чалавека.

Аляксандр ЛАЗЮК.

НА ЗДЫМКАХ: агранамічны кансіліум на пасевах азімай пшаніцы ў ААТ «Сінягорскае»; так выглядае пшаніца ў ААТ «Студзёнка».

 

Самыя высокія надоі ў “Дружбінцы”, прывал – у “Студзёнцы

Калегія ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і РК прафсаюза работнікаў АПК прынялі сумесны дакумент, у якім падвялі вынікі раённага спаборніцтва сярод работнікаў жывёлагадоўлі за сакавік.

  Сярод аператараў машыннага даення кароў першыя два месцы прысуджаны жывёлаводам ПП «Дружбінец». Алена Берашэвіч за месяц надаіла ад кожнай каровы групы па 626 кг малака, Тамара Буявец — па 601. Трэцяе месца заняла Лідзія Шалуха з «Саўгаса імя Машэрава». Сярэдні надой на крову ў яе склаў 587 кг малака, што вышэй узроўню мінулага года на 203 кг.

 Сярод аператараў па адкорму буйной рагатай жывёлы лепшы вынік належыць Алегу Пагарэльскаму, жывёлаводу ААТ «Сту­дзёнка», гадаванцы якога кожныя суткі прыбаўлялі ў вазе па 1130 г. Уладзімір Лейчанка і Сяргей Гарнак з ААТ «Сінягорскае» атрымалі па 1080 г  сярэднясутачных прываг. Па 1065 г у суткі павялічвала вагу жывёла, якую даглядаюць Наталля Азаронак і Дзмітрый Сідаровіч, аператары ААТ «Літусава».

 Сярод аператаў па дарошчванні буйной рагатай жывёлы першае месца заняла таксама прадстаўніца ААТ «Студзёнка» — Таццяна Казлова. Яна атрымала па 1063 г. сярэднясутачных прываг на кожнай галаве жывёлы.

 У Сяргея Прыстаўкі, аператара ДП «Саўгас імя Машэрава», у гэтай намінацыі — другое месца. Жывёла, якую ён даглядае, павялічвала кожныя суткі сваю вагу на 990 г. Гадаванцы Вялянціны Скварцовай і Вольгі Мірановіч з ААТ «Літусава» павялічвалі вагу на 978 г.

  Пераможцы раённага спаборніцтва ўзнагароджваюцца Дыпломамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовымі прэміямі.