Украў – выпіў – у турму

Жыхар Сянно раённым судом прызнаны вінаватым у адкрытым крадзяжы маёмасці, здзейсненым паўторна. На падставе ч. 2 арт. 206 Крымінальнага Кодэкса нашаму земляку прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады з адбываннем у выпраўленчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

 У той дзень Васіль Яцеў (імя зменена), чалавек без пастаяннага месца жыхарства, які меў за плячыма тры судзімасці за наўмысныя злачынствы, знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Але душа патрабавала працягу свята, і ён шукаў, дзе б яшчэ знайсці выпіўку ды патанней. Маючы багаты жыццёвы вопыт, наш герой ведаў — ёсць людзі, якія робяць «свой маленькі бізнес» на продажы таннага алкаголю, а дакладней атрымліваюць навар, збываючы разбаўлены спірт. Сярод пастаянных пакупнікоў быў і Яцеў. У той дзень ён таксама разлічваў на ўдачу. А таму зайшоў у адзін  з дамоў…

 Гаспадыня была ў суседкі. Пра незнаёмца ёй па тэлефоне паведаміў непаўналетні сын. Жанчына адразу ж паспяшалася дамоў. Убачыўшы Яцева, яна радасці не выказала. Наадварот, гаспадыня прад’явіла прэтэнзіі, чаму Яцеў без запрашэння прыйшоў у дом, стала патрабаваць пакінуць жыллё. Яцеў настойваў на набыцці «тавару», без якога пакідаць дом не збіраўся.

 У час размовы жанчына трымала ў руках грошы, якія ёй вярнула суседка, раней пазычаўшая іх. Яцеў раптоўна выхапіў купюры з рук жанчыны, паклаў грошы сабе ў кішэню і пакінуў дом. Гаспадыня спрабавала спыніць рабаўніка, патрабавала вярнуць грошы, аднак мужчыне ўсё ж удалося вырвацца і ўцячы. На непрацяглы час, бо хутка злачынцу, па заяве пацярпелай ад яго дзеянняў, затрымалі міліцыянеры.

 Святлана СІВЕЦ,

кансультант суда Сенненскага раёна.