Хлебных спраў майстар

Працоўны стаж Ларысы Астроўскай складае амаль тры дзясяткі  гадоў, а ў працоўнай кніжцы адзін толькі запіс: Сенненскае раённае спажывецкае таварыства.

 Пачынала тут Ларыса Генадзьеўна прадаўцом. Але ў хуткім часе зразумела, што гэта работа не для яе. Перайшла на хлебазавод і знайшла сваё прызванне. Па службовай лесвіцы падымалася паступова: прайшла шлях ад рабочай да майстра-пекара.

 На змене ў яе падначаленні 5-6 чалавек. Але сочыць майстар не толькі за вырабленнем хлеба (ад закладкі цеста і да вымання з печы духмяных апетытных боханаў). Спраўнасць абсталявання, аптымальны тэмпературны рэжым, бесперабойная падача электраэнергіі —  яе турботы. Асабліва адказна працаваць у начныя гадзіны. Калі здараюцца нейкія непаладкі, арганізаваць іх ліквідацыю ў першую чаргу задача зменнага майстра.

 З падначаленымі Ларыса Генадзьеўна імкнецца падтрымліваць роўныя адносіны. Па характары чалавек добразычлівы, але за работу можа спытаць строга. Да хлеба нельга адносіцца неахайна, лічыць майстар-пекар, каб атрымаўся ён якасным і прыносіў радасць лю­дзям, трэба ўкладваць душу.

 А ў вольны час жанчына любіць вязаць. Займаецца гэтым рукадзеллем амаль з дзяцінства. Рабіць з нітак цудоўныя і патрэбныя рэчы навучыла бабуля. З задавальненнем носяць маміны «самавязы» дзеці. Старэйшая Наташа ўжо, як кажуць, вылецела з бацькоўскага гнязда, працуе медсястрой у абласным медыцынскім цэнтры «Кардыялогія». Сын Аляксандр абраў прафесію бацькі, і ў пары з ім працуе вадзіцелем аўтобуса ў АТП-20.

 Дзеці ганарацца сваёй маці і радуюцца за яе. Бездакорная работа Ларысы Генадзьеўны Астроўскай ацэнена па заслугах. Партрэт добрасумленнай працаўніцы змешчаны на раённай Дошцы гонару.

 Таццяна Буракова.

 На здымку: майстар-пекар Ларыса Астроўская.