У штогадовым абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ахове працы сёлета Сенненскі раён будзе прадстаўляць ДЭУ-38

Рашэннем раённага выканаўчага камітэта падведзены вынікі агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы на Сенненшчыне. Конкурс быў заснаваны на падставе Рэспубліканскай мэтавай праграмы па паляпшэнні ўмоў і аховы працы на 2011-2015 гады і пратакола пасяджэння раённай камісіі па ахове працы.

  У першай намінацыі, дзе былі прадстаўлены арганізацыі з колькасцю работнікаў не больш за 100 чалавек, першае месца прысуджана ДЭУ-38, другое — ДРБУ-146, трэцяе — АТП №20. У арганізацыях з колькасцю працуючых ад 100 да 200 чалавек прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае  — Багушэўскі спіртзавод, другое  — УП «Сяннобудмеліяводгас», трэцяе  —  ПМК-64. Сярод самых буйных прадпрыемстваў і арганізацый раёна, дзе працуе звыш 200 чалавек, у ліку пераможцаў конкурсу названы Багушэўскі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, Багушэўскі лясгас і  РУП ЖКГ.

  Сярод арганізацый, якія займаюцца вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, найбольш увагі ахове працы надаецца ў ААТ «Сенненскі райаграсервіс»,  другое месца прысуджана ПП «Дружбінец». На трэцяе намінанты таксама былі. Але месца не было прысуджана нікому. Камісія, якая падводзіла вынікі конкурсу, палічыла, што на прадпрыемствах-намінантах праведзена недастатковая работа па ахове працы.