На Сенненшчыне складаюць слоўнік мясцовай гаворкі

Гаворым па-сенненску

Сёння мы прапануем да вашай увагі чарговы выпуск «слоўніка» мясцовых слоў і выразаў, пачутых у самых розных куточках Сенненшчыны. Калі і ў вас, паважаныя чытачы, ёсць адметныя моўныя залацінкі, якія вы ўжываеце самі ці мо чулі ад родных, суседзяў, калі ласка, дасылайце іх на наш адрас: горад Сянно, вуліца Чкалава, 4а, паштовы індэкс 211120, рэдакцыя раённай газеты «Голас Сенненшчыны». Або пакідайце на нашым сайце www.senno.by у раздзеле «Каментарыі». Найбольш цікавыя з іх будуць надрукаваны.    

Піскляты (націск на трэці склад) — кураняты. Пачута ў вёсцы Вялікі Азярэцк Багданаўскага сельсавета.

Поспа (націск на першы склад) — мука грубага памолу. Пачута ў вёсцы Дамашэва Нямойтаўскага сельсавета.

Нявывалака (націск на другі склад) —  занадта марудлівы, няспешлівы чалавек. Пачута ў горадзе Сянно.

Буцян (націск на другі склад) — бусел. Пачута ў вёсцы Кажамякі Нямойтаўскага сельсавета.

Высахла, як сава ў каляды — занадта худая жанчына. Пачута ў вёсцы Запруддзе Багданаўскага сельсавета.

Капяток (націск на апошні склад) — кіпень. Пачута ў вёсцы Бялькі Машканскага сельсавета.

Вархобка (націск на другі склад) — кавалак чаго-небудзь харчовага. Пачута ў горадзе Сянно.

Пыпля (націск на першы склад) — чалавек, які нешта робіць вельмі марудна. Пачута ў горадзе Сянно.

Тумарнік (націск на першы склад) — нелюдзімы, пануры чалавек. Пачута ў горадзе Сянно.