У чым вінаваты дзік?

Дзікія свінні займаюць важную ролю ў жыцці лесу, садзейнічаюць яго аднаўленню, знішчаюць мноства шкоднікаў. У той жа час яны нярэдка робяць замах на ўраджай сельскагаспадарчых культур.

 У апошнія гады чалавек стаў актыўна падтрымліваць дзікоў у яго прыродным асяроддзі . Не выключэнне і сенненскія паляўнічыя гаспадаркі. Па да­ных 2010 года, у нашым раёне налічвалася больш за тысячу дзікоў.

 Гэта жывёла з даўніх часоў з’яўляецца адным з галоўных аб’ектаў палявання. Яна ўсёедная і непераборлівая. Рацыён дзікіх свіней складаецца пераважна з раслінных кармоў, але не адмаўляюцца яны і ад падалі. Любімая ежа — карэнне раслін, жалуды, арэхі, ягады, дажджавыя чарвякі.

 Жывуць дзікі ў балоцістай мясцовасці. Любяць паляжаць у лужыне, у якой і мыюцца, і  знаходзяць ежу — розных насякомых.

 Зіма для кабаноў — час выпрабаванняў. Адшукаць корм пад снегам складана і многія асобіны гінуць. Маладняк часта становіцца ахвярай ваўкоў. З 7-9 маладых дзікоў перазімоўваюць толькі двое-трое. Каб  дапамагчы ім выжыць, спецыялісты паляўнічых гаспадарак абсталёўваюць спецыяльныя пляцоўкі, на якіх вядзецца падкормка дзікіх свіней.

 Дзякуючы гэтаму, у апошнія гады дзікоў у Беларусі налічваецца каля 56 тысяч, што ў 1,5 раза больш за аптымальную колькасць. З-за недахопу ежы кабаны наведваюцца на агароды вяскоўцаў, «пераворваюць» палі сельгасарганізацый, фермераў, тым самым знішчаючы пасевы і ўраджай.

 На тэрыторыі нашага раёна дзейнічае 6 паляўнічых гаспадарак, кожная з якіх  зацікаўлена ў павелічэнні пагалоўя дзікоў. На гэтым яны зарабляюць грошы. Толькі ў паляўнічых угоддзях сенненскай арганізацыйнай структуры РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» у мінулым годзе заказалі 27 паляўнічых тураў, акрамя таго ўдзел у паляванні прынялі  73 замежныя турысты.

 Сёння, па словах Анатоля Блажкова, ва ўгоддзях знахо­дзіцца прыблізна 300 дзікоў, на іх падкормку штогод выкарыстоўваецца каля 35-40 тон зерня. Гэта дапамагае зберагчы патрэбную папуляцыю. «Колькасць кабаноў нязначна перавышае дапушчальную лічбу. Стала меней скаргаў ад вяскоўцаў на тое, што дзікі знішчаюць пасевы. Летам мы актыўна палюем на кабана. Імкнёмся наладжваць паляванні каля палеткаў сельскагаспадарчых арганізацый, каб зберагчы будучы ўраджай», — запэўнівае адказная асоба.

  Абараніць прыватныя агароды сялян складаней. цяжка потым знайсці вінаватых за перакопаныя лычамі дзікіх свіней градкі, патоптанае зерне і вырытую бульбу. Пры тым, што глава 10 Правілаў вядзення паляўнічых гаспадарак, зацверджаных Прэзідэнтам Беларусі, поўнасцю прысвечана мерам папярэджання знішчэння або пашко­джання паляўнічымі відамі жывёлы сельскагаспадарчых і лясных культур. Распрацаваны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне патраў агародаў кабанамі. Але не ўсё магчымае робіц­ца з боку арандатараў паляўнічых гаспадарак. Чаму б, напрыклад, не засяваць лясныя паляны зернем, каб прыцягнуць дзікоў на іх, а не на палеткі сельгасарганізацый. Ды і пляцоўкі для падкормкі было б мэтазгодна  рабіць  у глыбіні лесу, а не паблізу ад населеных пунктаў.  Аднак не трэба забывацца на тое, што і самі людзі павінны прымаць меры, каб пазбегнуць нападаў дзікоў на свае соткі, а работнікі лясніцтваў, паляўнічых гаспадарак — падкормліваць кабаноў, каб тыя, у пошуках ежы, не ішлі да населеных пунктаў.

 Кабан жа дзікі, што з яго возьмеш.

Кацярына КАРПОВІЧ.