Чужыя людзі, як родныя

 «Ніколі не думала, што застануся адна, — пачала з парога Валянціна Казырэўская. — Людзі ў маім доме — нячастыя госці».

  Жыццё праляцела як адзін дзень. А што бачыла? І сёння задаецца пытаннем Валянціна Аляксандраўна.

 Дзяцінства выпала на ваенныя гады. Яе, чатырнаццацігадовую дзяўчынку, немцы забралі ў палон, дзе давялося прайсці праз голад, холад. Двойчы ўцякала, за што расплачвалася пакараннем.

 Пасля вайны вярнулася на малую радзіму. Зусім юная, у семнаццацігадовым узросце, выйшла замуж. Маладая сям,я пераехала ў  Сянно. Зажылі нядрэнна — купілі хату, абзавяліся гаспадаркай. Пайшлі дзеці. І ўсё было б добра, але лёс распарадзіўся інакш. Валянціне Аляксандраўне было 25, калі памёр муж. З двума малымі дзеткамі яна засталася адна. Аднак, як бы складана не было, але  ніколі не апускала рукі.

 Другі раз выйсці замуж адважылася ў сталым узросце. Дачка і сын былі ўжо дарослымі, гадавалі сваіх дзяцей і пярэчыць маці не сталі. Душа ў душу з новым мужам жанчына пражыла трыццаць гадоў.

 Вось ужо дзевяць гадоў яна адна. Каб хоць дзеці бліжэй былі, гаворыць жанчына, лягчэй бы старасць праходзіла. А так, дачка — у Санкт-Пецярбургу, кожнае лета, праўда, прыязджае да маці; сын, якога яна не бачыла тры гады, жыве на Сахаліне. Сваякоў у Сянно ў Валянціны Аляксандраўны няма. Самыя бліжэйшыя толькі ў Віцебску, ды і тыя з ёй сувязь не падтрымліваюць. «А так часам з кім-небудзь  хочацца пагаварыць, няхай нават проста пра надвор’е», —  уздыхае гаспадыня.

 У жанчыны хворыя ногі, складана доўга хадзіць, таму яе даглядае Марына Ліцвінава, работнік Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прыходзяць да пенсіянеркі і вучні з 10 «А» класа сенненскай школы №2. Дапамагаюць і двор расчысціць, і дроў прынесці, нават у магазін збегаюць, калі трэба. На працягу двух гадоў гэтыя памочнікі наведваюцца да Валянціны Аляксандраўны, за што яна ім вельмі ўдзячна. «Я іх чакаю кожную хвіліну, — гаворыць жанчына. — Іх прыход для мяне, як маленькае свята».  

  Ці часта мы ездзім да сваіх бацькоў, каб дапамагчы па гаспадарцы, прыбраць у хаце ці проста пасядзець з імі за кубачкам духмянай гарбаты? А як часта  тэлефануем сваім родным, каб пацікавіцца пра здароўе ці спытацца як прайшоў  у іх дзень? У жыццёвай мітусні — праца, дом, праблемы — мы часам забываем пра блізкіх нам людзей, якім так неабходны наша ўвага і клопат.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.

На ЗДЫМКУ: Валянціна КАЗЫРЭЎСКАЯ.