Як не стаць ахвярай вясновага лёду
Увечары 6 сакавіка дзве дзяўчынкі з пасёлка Межыца Лепельскага раёна пасля вяртання з дзіцячага сада засталіся пагуляць у двары. Цікаўнасць прывяла іх на бераг ракі Ула. Па яшчэ даволі тоўстаму лёду малышкі падышлі да палонкі. І тут здарылася тое, што, напэўна, павінна было здарыцца, калі дзеці безнаглядна з боку дарослых знаходзяцца на вадаёмах: адна дзяўчынка паслізнулася і трапіла ў палонку. Яе падхапіла цячэнне…
У пошукавыя работы ўключыліся спецыялісты-вадалазы з Наваполацка, Новалукомля, манеўранага пошукавага атрада Віцебскага таварыства выратавання на вадзе, супрацоўнікі РАУС і РАНС Лепельскага раёна, калегі бацькоў, ваенаслужачыя мясцовай часці. Але толькі 13 сакавіка цела дзяўчынкі, заціснутае паміж льдзінай і зямлёй, у 500 метрах ад каварнай палонкі было знойдзена.
Ужо сёлета ў вадаёмах вобласці загінула 8 чалавек, у тым ліку адно дзіця.
Штодзень пад лагодным цяплом вясновага сонейка змяншаюцца гурбы снегу і таўшчыня лёдавага пакрыва на вадаёмах, лёд становіцца крохкім. Але гэта не спыняе рыбаловаў-аматараў. А між тым з 1 красавіка не толькі падлёдная рыбалка, але і любое перамяшчэвнне па лёдзе забаронена.
Спадзявацца на знешнюю трываласць лёду не варта, раяць спецыялісты. У час актыўнага таяння снегу ўтвараецца вялікая колькасць прамывін. Структура вясновага лёду значна адрозніваецца ад таго, што ўтвараецца ў час лёдаставу. У пачатку зімы лёд ламаецца, утвараючы трэшчыны, якія потым разыходзяцца ў бакі. Пры гэтым у чалавека ёсць шанц легчы на лёд, каб паўзком дабрацца да небяспечнага месца. А вось цяпер лёд ламаецца фрагментамі і гэта куды болей небяспечна.
Міхаіл ВАСІЛЬЕЎ.